Дэкрэт Прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" адбіўся на зніжэнні беспрацоўя

10 февраля 2017

Згодна са статыстыкай, прыведзенай сёння на выніковай калегіі Міністэрства працы і сацабароны, на пачатак года толькі 0,8 % беларусаў афіцыйна не працавалі, хоць у красавіку 2016 гэты паказчык складаў 1,2 %. Многія, што называецца, выйшлі з цені і зарэгістравалі сябе як іпэшнікі або рамеснікі. Разам з тым унесеныя ў закон карэктывы дазваляюць дыферэнцыявана падыходзіць да тых, хто павінен выплачваць гэты збор, а хто не.

У сітуацыі разбіраўся Андрэй Ястрабаў. Спецыялісты з розных сфер дзейнасці - а гэта прадстаўнікі падатковай, упраўленняў працы і сацыяльнай абароны, дэпутаты, юрысты, - разглядаюць чарговы пакет заяў. У такім складзе камісіі працуюць па ўсёй краіне і збіраюцца па меры неабходнасці. У Віцебску сёння на разглядзе - больш за 30 заяў. Усяго ад жыхароў паўночнага рэгіёна іх паступіла каля 300. У маштабах усёй краіны такіх заяў крыху больш за 6 тысяч, амаль паўтары тысячы з іх пасля разгляду былі задаволены.

Анатоль Сяліцкі ў мінулым прафесійны вадзіцель з амаль 40-гадовым стажам. Некалькі гадоў таму трапіў у аварыю. Нягледзячы на медыцынскае заключэнне "частковая страта працаздольнасці" яшчэ некаторы час працягваў працаваць. Кантракт закончыўся, калі да пенсіі заставаліся тры гады. Знайсці працу па сілах не змог. А калі атрымаў паведамленне, адразу звярнуўся ў райвыканкам з заявай.

У аснове працы камісій - індывідуальны падыход да кожнага заяўніка. Галоўная ўмова - гэтае дакументальнае пацвярджэнне цяжкай жыццёвай сітуацыі. Пры станоўчым вырашэнні пытання камісія перадае ўсю інфармацыю ў падатковую інспекцыю.

Дэкрэт № 3 працуе зусім нядоўга. Але мэта яго дасягнута ў першую чаргу праз легалізацыю дзейнасці працаздольнага насельніцтва. У выніку грамадзяне, якія афіцыйна працягла не працавалі або не стаялі на біржы працы, сталі рэгістравацца. Як вынік - паступленні ў мясцовы бюджэт.

А гэта і напаўняльнасць бюджэту. У Магілёўскай вобласці ён толькі на 28 % датацыйны. Астатнія 72 % - гэта ўласныя прыбыткі, у тым ліку падаткі і зборы. Атрымліваецца, што менавіта ад іх колькасці і залежыць фінансавая бяспека рэгіёна, сума выдаткаў на так званую сацыялку. Дарэчы, на гэтыя мэты ідзе каля 70 % бюджэту. Сёлета гэтая лічба складзе больш за мільярд рублёў.

1,5 года функцыянуе гэты магілёўскі хоспіс. Тут дапамагаюць цяжка хворым людзям. Дзяржава, па сутнасці, узяла на сябе ўвесь груз клопатаў па доглядзе такіх пацыентаў. Дарагія медыкаменты, праца кваліфікаваных урачоў - усё фінансуецца з бюджэту. Сюды паступаюць грошы і падаткаплацельшчыкаў.

За час працы хоспісу ўдалося падоўжыць жыццё больш як тысячы пацыентам з дыягназам "анкалогія". Калі б не дзяржаўны клопат, давялося б цяжка, гавораць урачы. Кошт аднаго дня лячэння ў хоспісе - 66 рублёў. Але дзяржава ідзе і на такія выдаткі.

За год бюджэты гарадоў і раёнаў краіны папоўніліся дзякуючы зборам на ўтрыманне дзяржвыдаткаў на 14 мільёнаў рублёў. З іх амаль 2 мільёны - з Магілёўскай вобласці. Дзякуючы гэтаму зусім хутка ў Крычаве, напрыклад, дабудуюць школу з аздараўленчым басейнам і паліклініку ў мікрараёне Казіміраўка ў Магілёве.