Дайджаст падзей Магілёўскага рэгіёна

8 августа 2020
Для лепшых сацыяльных работнікаў і будаўнікоў - узнагароды і падзякі. Да новага навучальнага года абноўлены басейн атрымала18-я школа Магілёва. У Бялынічах, дзе пройдзе Дзень беларускага пісьменства, пачалася рэстаўрацыя старажытнай фрэскі. Насычаным тыдзень выдаўся і для Магілёўскага рэгіёна. Падрабязнасці - у дайджасце падзей.  

У Магілёве ўшаноўвалі сацработнікаў, якія не пакінулі сваю працу ў складанай эпідэміялагічнай абстаноўцы. Дапамагалі людзям, якія засталіся дома, – адзінокім і састарэлым: дастаўлялі лекі, прадукты, сродкі індывідуальнай абароны, аказвалі псіхалагічную дапамогу. Разам з памочнікамі - валанцёрамі БРСМ і Чырвонага Крыжа - усё атрымалася. Лепшым прадстаўнікам галіны ўручаныя ўзнагароды ад міністэрства, а таксама кіраўніцтва рэгіёна.  

А ў Палацы культуры вобласці напярэдадні прафесійнага свята ўручаныя ўзнагароды лепшым будаўнікам рэгіёна. Іх атрымалі звыш 70 спецыялістаў. Дзякуючы ім нядаўна ў Магілёўскай вобласці з'явіліся доўгачаканыя і знакавыя аб'екты - мост цераз Сож у Слаўгарадскім раёне, біятлонны комплекс у Чавусах, мемарыяльны комплекс у вёсцы Боркі Кіраўскага раёна. Поўнасцю абнавілі і дзіцячую бальніцу ў Бабруйску. Хутка першых пацыентаў прыме новая паліклініка ў новым мікрараёне Магілёва і шэраг іншых праектаў. 

Падарунак школьнікам і жыхарам мікрараёна. Пасля рэканструкцыі прыняў першых наведвальнікаў басейн школы № 18 Магілёва. На будаўнічыя работы было выдаткавана з бюджэту звыш мільёна рублёў. Цяпер тут працуе сучасная сістэма ачысткі, стала больш светла - месца не толькі для аздараўлення, але і адпачынку ўсёй сям'ёй. У планах адміністрацыі школы - чэмпіянаты. Школе ўручаныя сертыфікаты на мэблю і абсталяванне для басейна. А таксама  адкрыта экстрым-сцежка. 

У Бялынічах, дзе сёлета пройдзе свята пісьменства, пачалася  рэканструкцыя старажытнай фрэскі пад назвай «Узыходжанне на Галгофу». Мастацкі твор 18-га стагоддзя ўратавалі з кармяліцкага кляштара, які, на жаль, не застаўся. Спецыялістам патрэбна сабраць твор з 50 фрагментаў. Убачаць яго госці фестывалю ў экспазіцыі абноўленага мастацкага музея імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі разам з 27 арыгіналамі аўтара, якія хутка вернуцца на радзіму пасля рэканструкцыі. Падрыхтоўка да свята пісьменства набліжаецца да кульмінацыі.