Cпартыўнае свята ў сталічным парку на вуліцы Сталетава

28 мая 2015

Традыцыйнае спартыўнае свята напярэдадні летніх канікул арганізавалі ў парку на вуліцы Сталетава. Сваё майстэрства ў папулярных у моладзі відах спорту прадэманстравалі больш за 500 чалавек: каратысты, рэгбісты, аматары паркура, майстры брэйк-данса і вулічнага футбола, а таксама прыхільнікі веласіпеднага спорту і графіці. Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя праекта новых спартыўных пляцовак.

Наталля Кузьміцкая больш падрабязна.

Ужо восем гадоў запар Уладзіслаў Радкевіч скача з даху на дах і з лёгкасцю пералазіць цераз сцены. Такіх, як ён, трэйсераў (так называюць тых, хто займаецца паркурам) у Мінску шмат. Спартыўная пляцоўка для іх - увесь горад.

У сталічным парку на вуліцы Сталетава збіраюцца прадстаўнікі сучасных маладзёжных напрамкаў. Сёння яны аб’яднаныя ў цэнтр вулічнай культуры і спорту.

Прыхільнікаў сучасных маладзёжных культур становіцца ўсё больш. Традыцыйнае свята ў парку на вуліцы Сталетава сёлета аб’ядналі з прэзентацыяй праекта новых спартыўных аб’ектаў.

У хуткім часе на гэтым месцы плануецца пабудаваць дзве спартыўныя пляцоўкі: дзіцячую і экстрэмальную для аматараў скейтборда, паркура і іншых вулічных культур.

У Партызанскім раёне дзейнічае 248 секцый. У наведвальнікаў свята была магчымасць запісацца ў самыя цікавыя з іх: рэгбі, фітнес ці каратэ.

Асаблівая ўвага дзецям у перыяд летніх канікул. На працягу трох месяцаў на базе цэнтра дадатковай адукацыі Партызанскага раёна будзе дзейнічаць дзіцячы летні лагер, дзе можна будзе займацца танцамі, спортам, а таксама ў розных гуртках па інтарэсах рэалізоўваць свой творчы патэнцыял.