COVID-19: сітуацыя ў паўночным рэгіёне Беларусі пад кантролем

19 октября 2020
Стварэнне рэзерву ложкаў, правядзенне даследаванняў на полімеразную ланцуговую рэакцыю, абсталяванне медустаноў усім неабходным. Сістэма аховы здароўя Беларусі гатова супрацьстаяць другой хвалі каранавіруснай інфекцыі. Як і  падчас вясновага міжсезоння, яна абазначыла сябе восенню нараўне з традыцыйнымі для гэтай пары года віруснымі захворваннямі. З дакладным планам дзеянняў наша краіна вызначылася яшчэ тады.  Гатовы аператыўна і якасна аказваць медыцынскую дапамогу і зараз.  
У Віцебску сёння прайшло пасяджэнне абласнога штаба па процідзеянні распаўсюджванню захворвання. І як было адзначана, сітуацыя  пад кантролем. 
Марына Раманоўская прадоўжыць.

У Віцебску сёння прайшло пасяджэнне абласнога штаба па процідзеянні распаўсюджванню захворвання 

Віцебская абласная клінічная бальніца. Медыкі добра памятаюць, як вясной супрацьстаялі тады яшчэ новай для іх інфекцыі. Пра каранавірус было вядома няшмат, таму і дзейнічаць  даводзілася аператыўна. Да другой хвалі ў медыкаў быў час падрыхтавацца. Для пацыентаў з пнеўманіямі загадзя адвялі асобны корпус, распрацавалі выразную схему паступлення. Усё, каб выключыць лішнія кантакты. Бальніца працягвае ў поўнай меры аказваць спецыялізаваную дапамогу, бо акрамя каранавіруснай інфекцыі ёсць і іншыя хваробы.  Нейрахірургія, мікрахірургія вока, пратэзаванні – за дзень каля дваццаці складаных аперацый, плюс экстранныя пацыенты. 

У медустановах Віцебскай вобласці створаны рэзерв ложкаў для хворых на COVID-19

У асноўных бальніцах Віцебска і буйных райцэнтрах для пацыентаў з пнеўманіямі з улікам рэзерву разгорнута 1 400 ложкаў. Гэта 20 % ад усяго фонду, які пры неабходнасці могуць перапрафіляваць. Ёсць усе лекі і запас сродкаў індывідуальнай засцярогі для медыкаў на месяц наперад. 

1200 даследаванняў на полімеразную ланцуговую рэакцыю за дзень

У штатным рэжыме працуюць шэсць лабараторый, дзе праводзяць аналіз полімеразнай ланцуговай рэакцыі. За дзень каля 1 200 даследаванняў. Плюс для высвятлення  дыягназу выкарыстоўваюць экспрэс-тэсты. 

Эпідсітуацыя ў Беларусі на асабістым кантролі прэзідэнта

У Беларусі дакладна вызначыліся з планам дзеянняў на выпадак чарговай віруснай атакі: не закрываць межы, падтрымліваць урачоў фінансава і прытрымлівацца ўжо выбранай тактыкі ў лячэнні каранавіруса. Эпідсітуацыя ў Беларусі  на асабістым кантролі прэзідэнта. Ведамствам дадзены ўсе неабходныя даручэнні, але важна таксама, каб кожны чалавек думаў пра сваё здароўе: сумленне людзей выходзіць на першы план.

Вакцынацыя ад грыпу на поўначы краіны сёлета пачалася раней чым звычайна

Было важна паспець да ўсплёску захворвання. Напрыклад, на гэтым буйным прадпрыемстве па перапрацоўцы малака пра здароўе  работнікаў паклапаціліся дасканала - закупілі вакцыну і запрасілі ўсіх, хто жадае, прайсці імунізацыю. 
Вокны на праветрыванні, дзвярныя ручкі, парты і крэслы апрацоўваюцца спецыяльным дэзсродкам. Пры ўваходзе ў памяшканне мераюць  тэмпературу. У 28-й школе Віцебска да такіх мер прывыклі. Падчас сонечнага надвор'я ўрок фізкультуры праводзяць не ў зале, а на новай спартыўнай пляцоўцы. Бацькі,  як і  раней, сустракаюць дзяцей  пасля ўрокаў,  але не тоўпяцца ў фае, а цярпліва чакаюць на вуліцы. 

Дэзынфекцыя грамадскага транспарту

На працы прыёмшчык рухомага саставу Сяргей Пагуляй з 8 раніцы  да 8 вечара. Работа, прызнаецца, няцяжкая, але вельмі адказная. Неабходна прадэзынфікаваць кожны тралейбус, які заязджае ў дэпо. На ўсё пра ўсё не больш за хвіліну. За гэты час па ўсім салоне неабходна распыліць антысептык, які забівае любы вірус.
Штодня гарадскі транспарт перавозіць дзясяткі тысяч пасажыраў. І кожны з іх павінен быць упэўнены ў сваёй бяспецы. А яшчэ  выконваць усе рэкамендацыі спецыялістаў. 
Бо ці будзе  працяглым гэты перыяд захворвання - залежыць ад кожнага з нас.