COVID-19: 32 беларусы паправіліся

27 марта 2020
32  пацыенты, якім быў пастаўлены дыягназ "каранавірус", поўнасцю здаровыя. Яшчэ 62 беларусы працягваюць лячэнне і знаходзяцца пад наглядам медыкаў. Гэта сёння паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя  на чарговым брыфінгу. У профільным ведамстве таксама адзначылі: урачы і службы хуткай дапамогі нясуць дзяжурствы ў штатным рэжыме. Павелічэння колькасці  выклікаў па краіне ў сувязі з COVID-19 не назіраецца. Усяго з 23 студзеня ў Беларусі правялі ўжо больш чым 24 тысячы тэстаў.

Дабрачынны рахунак для дапамогі медустановам


Таксама ў профільным ведамстве растлумачылі, на што патрацяць сродкі, пералічаныя беларусамі на дабрачынны рахунак. На сённяшні дзень гэта больш  за 9,5 тысячы рублёў і звыш 16  тысяч еўра. У Міністэрстве аховы здароўя  створана рабочая група, якая будзе размяркоўваць сродкі ў адкрытым рэжыме. Плануецца, што яны пойдуць на закупку сродкаў засцярогі для ўрачоў, лекавых сродкаў і стварэнне неабходнага запасу тэст-сістэм.