Будучыню беларускага эфіру абмеркавалі прадстаўнікі ЕВС з кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі

1 ноября 2017

Нацыянальны тэле- і радыёпрадукт са знакам еўрапейскай якасці. Будучыню беларускага эфіру сёння абмеркавалі прадстаўнікі Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза і кіраўнікі структурных падраздзяленняў Белтэлерадыёкампаніі.

Нашу краіну калегі з ЕВС наведалі ў рамках міжнароднага тура напярэдадні вялікага саміту "Усходняга партнёрства". Ён адбудзецца 24 лістапада ў Бруселі. За шмат гадоў супрацоўніцтва Беларусі і іншых вяшчальных арганізацый выпрацаваўся алгарытм узаемадзеяння. Сёння існуе развітая сістэма абмену інфармацыяй. Медыябосы абмеркавалі пытанні партнёрства і супрацоўніцтва, а таксама папулярызацыі кантэнту ў сеткавай прасторы. Акрамя таго, закранулі тэмы павышэння кваліфікацыі кадраў, а таксама тэхнічнага забеспячэння.

Радка Бетчэва, кіраўнік Дэпартамента па працы з членамі ЕВС з Усходняй Еўропы:

"Белтэлерадыёкампанія для нас адзін з найважнейшых партнёраў, таму мы хочам працягваць наша супрацоўніцтва па ўсіх кірунках. Тым больш што Белтэлерадыёкампанія - гэта нацыянальны тэлерадыёвяшчальнік. Гэта вельмі важна для нас. Вы маеце вялікія рэсурсы для таго, каб быць даступнымі і цікавымі для ўсіх катэгорый гледачоў і радыёслухачоў. А мы гатовыя дзяліцца сваім вопытам і падтрымаць медыяхолдынг. Сённяшняя сустрэча гэта пацвердзіла".

ЕВС - найбуйнейшы альянс вяшчальных арганізацый у свеце. У аб'яднанне ўваходзяць 73 кампаніі з 56 краін. Белтэлерадыёкампанія - адзіны прадстаўнік ЕВС у нашай краіне.