Бразільскі зук аб’яднаў мінскую моладзь

21 сентября 2015

Больш за 200 гарадоў з 44 краін свету адзначылі Міжнародны дзень зука. Бразільскі стыль танца аб’яднаў і мінскую моладзь. У парку Перамогі ладзіўся маштабны флэшмоб, у якім прынялі ўдзел больш за паўсотні танцораў. Ніякіх аднолькавых касцюмаў, а толькі сінхронныя пластычныя рухі і энергія. Дарэчы, пастановачная харэаграфія ва ўсіх краінах адзіная. Як у Мінску адзначылі зук-флэшмоб, раскажа Юлія Токар.

“Танец кахання” – гэта і ёсць бразільскі зук. Пластычныя рухі, традыцыйны крок “басіка” і поўная свабода імправізацыі. Пад меладычныя гукі цела танцора вызваляецца ад нейкай скаванасці і паддаецца пачуццям.

Бразільскую танцавальную эстафету падхапілі ва ўсім свеце. Ужо на працягу чатырох гадоў Міжнародны дзень зука адзначаюць як прафесіяналы, так і танцоры-пачаткоўцы. Гэтым разам у флэшмобе ўдзельнічалі 44 краіны, а гэта больш за 200 гарадоў. Цікава, што пастановачная харэаграфія адзіная. Гэта значыць, што тысячы пар рухаліся сінхронна і пад адны і тыя ж паўднёвыя напевы.

Мінск трэці раз прымае ўдзел у зук-флэшмобе. Вячаслаў Шагойка адзін з першых пачаў развіваць такі малады кірунак у нашай краіне. Менавіта дзякуючы яму ініцыятыву падтрымалі паўсотні сталічных зукераў.

На гэтым танцавальны сезон не спыняецца. Праз некалькі месяцаў мінскія зукеры пачнуць рыхтавацца да наступнага выступлення. Абяцаюць, што гэта будзе яшчэ больш феерычнае і маштабнае шоу.