Вялікая і дружная рабочая субота выдалася на рэдкасць плённай

23 апреля 2016

Да традыцыйнай вясновай акцыі далучыліся парламентарыі, міністры, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама неабыякавыя людзі. Колькасць удзельнікаў рэспубліканскага суботніка вылічваецца мільёнамі. Працоўныя зрабілі свой унёсак у будаўніцтва і рэканструкцыю знакавых аб'ектаў, добраўпарадкаванне лясоў і паркаў, навялі парадак у сваіх мікрараёнах і дварах.

Хроніка самага незвычайнага рабочага дня ў рэпартажы Антаніны Станкевіч.

Суботнік для Адміністрацыі Прэзідэнта - асабліва сімвалічны. У Год культуры калектыў працуе на будаўніцтве музейнага квартала ў сталіцы. Гэта знакавы аб'ект для ўсёй краіны. Ён аб'яднае пад адным дахам некалькі музеяў, галерэй, арт-кафэ. І ўнёсак кожнага набліжае дату адкрыцця. Дарэчы, адбудзецца гэта ўжо праз тры гады.

Каля 4 тысяч маладых дрэў - гэта практычна новы лес. Разам з усёй краінай на суботніку і прэм'ер-міністр з калегамі, а таксама супрацоўнікамі Камітэта дзяржкантролю. Работа кіпіць - літаральна за некалькі гадзін новыя дрэвы з'явіліся на тэрыторыі плошчай 4 гектары.

Зрабіць гарадскія паркі яшчэ больш прыгожымі і зялёнымі. Парламентарыі сёння высаджваюць дрэвы ў самым густанаселеным сталічным раёне - Фрунзенскім. Працаўнікі ўпэўнены, парк Тывалі зусім хутка стане адным з любімых месцаў адпачынку мінчан і гасцей сталіцы.

Сёння ў сталіцы цяжка адшукаць парк, лясны масіў або культурны комплекс, дзе не працуюць людзі. Мінчане аб'ядноўваюць намаганні, каб добраўпарадкаваць мемарыяльны комплекс "Трасцянец", дарэчы, шмат у чым яго з'яўленне абавязана як раз такім неабыякавым людзям, лесапаркавую зону каля Цнянскага вадасховішча і МКАД. Бо сталічная кальцавая - своеасаблівая візітоўка горада. Будаўніцтва новага дзіцячага садка ў мікрараёне Каменная Горка - сфера адказнасці моладзі. Не выключана, што шматлікім удзельнікам суботніка зусім хутка прыйдзецца скарыстацца яго паслугамі.

На змену эфірнаму дрэс-коду - зручнае адзенне, а замест мікрафона - лапата і венік. З песнямі пад гітару, жартамі, якія, мабыць, застануцца за кадрам, і фірменнай усмешкай кіраўніцтва, вядучыя і карэспандэнты Белтэлерадыёкампаніі высаджваюць дрэвы ля галоўнага тэлебудынка краіны на Макаёнка, 9.

Для іх праца пытанне асабліва прафесійнае. Для супрацоўнікаў Федэрацыі прафсаюзаў суботнік на Кургане Славы - не проста справа гонару, але і клопат пра свайго любімага падапечнага.

Мемарыяльны комплекс "Хатынь" рэдка пустуе і так утрымліваецца ва ўзорным парадку. Вясна ж - асаблівая падстава правесці генеральную ўборку. У гэтым работнікам комплексу дапамагаюць ратавальнікі.

Будаўніцтва новага дзіцячага садка і ўжо традыцыйныя работы па пасадцы дрэў - лесапаласа ўздоўж трасы Мінск - Віцебск памаладзела, пазелянела і змянілася літаральна за лічаныя гадзіны. Праца кіпіць і ў цэнтральным рэгіёне.

Мемарыяльны комплекс "Прарыў" захоўвае памяць аб подзвігу партызан падчас блакады ў маі 44-га. Іх было 17 тысяч супраць 60-тысячнага войска карнікаў. Узятыя ў цеснае акружэнне партызаны распачалі адчайную спробу прарыву, тым самым выратавалі 15 тысяч жыццяў. Нядзіўна, што для шматлікіх жыхароў самага паўночнага рэгіёна краіны гэтае сакральнае месца. І сёння сюды кінутыя асноўныя сілы працоўнага дэсанта.

Не толькі водныя, але і веламаршруты. Турыстычная зона каля Аўгустоўскага канала і так карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў краіны і гасцей з Еўропы. Гэтым летам адпачываць тут стане больш прыемна, у тым ліку дзякуючы намаганням тых, хто сёння тут працуе на суботніку.

Уся ўвага брэсцкага працоўнага дэсанта - дзецям (на чале з губернатарам вобласці сёння ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі дзіцячага сада-сярэдняй школы) і гісторыі (у Брэсцкай крэпасці на Пагранічным востраве - самы масавы суботнік у рэгіёне).

Ужо гэтым летам лядовая арэна ў Шклове сустрэне першых гульцоў і іх самых адданых балельшчыкаў. Напэўна сярод наведвальнікаў будуць і тыя людзі, хто працуе на добраўпарадкаванні гэтага аб'екта.

На час яны адмовіліся ад гітар на карысць іншых, рабочых інструментаў. Удзельнікі Міжнароднага конкурсу "Рэнесанс гітары" сёння таксама на суботніку. Арганізавалі работы самі прама ля ўваходу ў канцэртную залу. Сумяшчаюць прыемнае з карысным.

Нягледзячы на капрызы надвор'я, а такое нярэдка бывае ў красавіку, на суботніку цяжка сустрэць чалавека з дрэнным настроем. Таму што кожны ведае - яго асабісты ўнёсак у адну вялікую агульную справу неацэнны.