Балгарыя ініцыюе адмену візавых збораў для беларускіх школьнікаў

1 апреля 2016

Спецыяльны рэжым кране тых, хто плануе наведаць балгарскія курорты ў складзе дзіцячых груп. Таксама скарыстацца гэтым правам змогуць і ўдзельнікі фестывальнага руху. Пра гэта было сёння заяўлена ў беларускім парламенце на сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй Балгарыі. Як адзначылі госці, дакладная дата змен у візавай палітыцы пакуль невядомая. Мяркуецца, што новая норма пачне працаваць ужо ў маі.

Пётр Кынеў, старшыня камісіі Народнага сходу Балгарыі па эканамічнай палітыцы і турызме: "Упершыню сёлета будзе спецыяльны рэжым для дзіцячых груп, а таксама для груп, якія ўдзельнічаюць у нашых фестывалях. Г.зн. бясплатныя візы. Гэта пагадненне, над якім зараз працуе Міністэрства турызму і адпаведная камісія ў Бруселі. Таму што ўсе пытанні візавага рэжыму вырашаюцца на ўзроўні пагаднення паміж ЕС і Мінскам. Г.зн. гэта павінна быць дадаткова абмеркавана".

Адзначым, афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі Балгарыі ў Беларусь праходзіць пасля амаль дзесяцігадовага перапынку. Бакі расцэньваюць аднаўленне міжпарламенцкага супрацоўніцтва як магчымасць актывізацыі турыстычных кантактаў і эканамічных сувязяў паміж краінамі.