Больш за 50 пазнавальных маршрутаў па Мінску і 70 экскурсій па Беларусі прапануюць вучням

14 марта 2024

Адукацыйны турызм - школьнікам. Больш за 50 пазнавальных маршрутаў па Мінску і мінімум 70 варыянтаў для экскурсій па Беларусі прапануюць вучням сталічных школ. Вытворчыя і інтэрактыўныя, экалагічныя і ваенна-патрыятычныя, а таксама аўтобусныя, пешаходныя, на веласіпедах ці па вадзе на байдарках.  Папулярнасцю таксама карыстаюцца музеі ў крокавай даступнасці ў саміх установах адукацыі. Гэта музей маці, энергазберажэння, тэхнікі і электронікі, а таксама этнаграфічнага і літаратурнага профіляў. У міні-экспедыцыю па скарбніцам культурнай спадчыны і  воінскай славы адправілася Аляксандра Гойтан.

Бадай, толькі гэты наручны гадзіннік - сучасная рэч на рабочым стале народнага песняра. Эксклюзіўны аксесуар выпусцілі два гады таму  ў гонар першага зборніка вершаў Пімена Панчанкі. Такіх імянных гадзіннікаў усяго два - у роднай ўнучкі літаратара і ў музеі 199-й сталічнай школы, дзе пра культурную спадчыну дбаюць самі вучні.

"Радавод", "Дарогамі вайны", "Асабістыя рэчы" - 7 тэматычных раздзелаў пра жыццё і творчасць пісьменніка. Трапіць на экскурсію сюды могуць абсалютна ўсе сталічныя школьнікі. Гэты музей знаходзіцца на інтэрактыўнай карце адукацыйнага турызму.

Святлана Краўчук, дырэктар Мінскага дзяржаўнага турысцка-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі:

У сталіцы налічваецца 122 музеі, рыхтуецца да адкрыцця 123-і. Гэта, безумоўна, адукацыйны рэсурс, які неабходны нашым установам, нашаму гораду. У рамках музейнай педагогікі вучні вучацца быць экскурсаводамі,  займаюцца пошукавай дзейнасць, краязнаўчай.

Пракласці пазнавальны маршрут да школьных музеяў можна за некалькі клікаў. Адмысловы навігатар ад Мінскага турысцка-экалагічнага цэнтра падкажа ўстанову адукацыі, адрас і кірунак выставачнай залы.

А мы накіроўваемся ў 43-ю гімназію, дзе знаходзяцца адразу два музеі -  скарбонка воінскай славы герояў-землякоў.

Тут таксама практыкуюць фармат, калі роўны навучае роўнага. Экскурсіі праводзяць старэйшыя школьнікі. Напярэдадні значных падзей у музейнай прасторы арганізуюць сустрэчы з ветэранамі і памятныя вечары.

Больш за 50 пазнавальных маршрутаў па Мінску і мінімум 70 варыянтаў для вандровак па Беларусі прапануюць вучням сталічных школ. З лагодным вясновым надвор'ем стартуе і сезон экскурсій на свежым паветры. Маршруты пешых падарожжаў вядуць да папулярнага Музея валуноў, сталічных аазісаў і веладарожак.

Летась для мінскіх школьнікаў арганізавалі больш за 8,5 тыс. пазнавальных вандровак як у музеях у крокавай даступнасці, так і на прадпрыемствах і заводах горада.