Дабрачынны праект "Крылы шчасця" прайшоў у Старых Дарогах

20 октября 2021

Спецыяльныя арэлі, развівальныя трэнажоры і сэнсарныя кветкавыя клумбы. Адаптыўную гульнявую пляцоўку для дзяцей з асаблівасцямі развіцця адкрылі сёння ў Старых Дарогах. Таксама ў рамках сацыяльна-дабрачыннага праекта "Крылы шчасця" на базе ясляў-сада № 1 з'явіліся інклюзіўная прастора і арт-студыя. Там будуць займацца выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У перспектыве адкрыццё і робататэхнічнага напрамку. 

Дабрачынны праект "Крылы шчасця" - ініцыятыва IT-кампаніі-рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій. Для дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў Вілейцы, напрыклад, адкрылі арт-студыю і тэатральную майстэрню, адаптыўную гульнявую пляцоўку. Таксама арганізавалі гурткі сталярнай справы і ганчарнага мастацтва. У сталіцы з'явіўся шахматны клуб для дзяцей з аўтызмам.