Беларускі Верхнядзвінск адзначае 630 гадоў са дня заснавання

9 июля 2016

Святочная атмасфера сёння і на беразе Заходняй Дзвіны. Беларускі Верхнядзвінск адзначае юбілей - 630 гадоў са дня заснавання. Горад сапраўды асаблівы. Гэтыя месцы ў сваім рамане ўвекавечыў Леў Талстой. Тут жа знаходзіцца і самы высокі мост у Беларусі. Зрэшты, сёння жыхары і госці горада могуць спаўна ацаніць самабытнасць і прыгажосць гістарычнага цэнтра.

Аб маладосці старога горада - Вольга Маслоўская.

Сення на вуліцах звычайна ціхага Верхнядзвінска шмат гасцей. Горад адзначае круглую дату - 630 гадоў. З нагоды юбілею – святочнае шэсце, канцэрт, а праз некалькі гадзін салют. Павіншаваць месцічаў прыехалі прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў. У Верхнядзвінска іх шэсць.

У гісторыі Верхнядзвінска было шмат падзей. Мясцовы музей захоўвае ядры французскіх гармат 1812 года, а турыстам цытуюць радкі з рамана “Вайна і Мір”, у якіх класік увекавечыў гэтыя мясціны. Асобная старонка – Вялікая Айчынная вайна. На тэрыторіі Верхнядзвінскага раёна карнікі знішчылі 426 населеных пунктаў. Трэць з іх так і не была адноўлена. Мінула сем мірных дзесяцігоддзяў, і сёння Верхнядзвінскі раён - ўтульны для жыцця і цікавы для турыстаў куток.

Верхнядзвінск знаходзіцца паміж дзвюх рэк: Дрысы і Заходняй Дзвіны. На другім беразе – ужо Мёрскі раён. Сем гадоў таму суседзяў злучыў мост. І адразу стаў брэндам Верхнядзвінска, бо гэта самы высокі мост у Беларусі.

Вада вызначыла лад жыцця месцічаў. Вясной паводка, ды такая, што прыбярэжныя вуліцы нагадваюць Венецыю. А летам – рыбная лоўля. Таму амаль у кожным двары ёсць свой човен і свае рыбацкія рэкорды.

Да свята гараджане рыхтаваліся разам. У парку з’явілася алея аўтарскіх лавак. Маленькія жыхары Верхнядзвінска ацанілі дзіцячыя пляцоўкі, што пабудавалі дарослыя падчас суботнікаў. Найлепшых працаўнікоў сення запрасілі на святочную сцэну – з гэтага дня яны ганаровыя грамадзяне Верхнядзвінскага раёна.

Святочны настрой – у кожным парку і скверы. Кірмаш, майстар-класы ад рамеснікаў, паэтычны турнір. А яшчэ экскурсіі на верталёце. Толькі з вышыні можна ацаніць прыгажосць гэтых расшытых рэкамі мясцін.