Беларускія трансплантолагі рыхтуюцца да першай у краіне аперацыі па перасадцы лёгкіх

6 апреля 2013

Мінулі  тры тыдні ў Вене на стажыроўцы, а наперадзе і аперацыя, і вялікі пачын. У Брэсце рыхтуюцца адкрыць зноў жа першы рэгіянальны цэнтр па трансплантацыі печані. Пра гэта нашы ўрачы расказалі калегам на вялікім форуме ў Мінску. 250 медыкаў з Еўропы і СНД. Былі сярод іх і тыя, хто калісьці глядзеў на беларусаў як на вучняў. За пяць гадоў са дня першай перасадкі статус нашых урачоў стаў ужо зусім іншым.


 


Рэпартаж Паліны Іванчы.


Першыя аперацыі па трансплантацыі печані ў Брэсце могуць быць зроблены ўжо напрыканцы 2013 года. За год у Брэсцкім рэгіёне плануюць праводзіць не менш як  20 перасадак гэтага органа. Бо, паводле афіцыйных даных, патрэбнасць у такіх аперацыях у нашай краіне ёсць, у лісце чакання не перасадку печані зараз  78 беларусаў.


(Алег Румо, кіраўнік РНВЦ трансплантацыі органаў і тканіны, галоўны пазаштатны трансплантолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі: Праграму стваралі пераважна для беларусаў, іншаземцы - невялікі працэнт. У Мінску летась мы зрабілі 52 аперацыі, сёлета разлічваем зрабіць больш.)


Першую ў Беларусі аперацыю па трансплантацыі печані выканаў тады яшчэ намеснік галоўнага ўрача па хірургічнай працы 9-ай Мінскай клінічнай бальніцы Алег Румо. На працягу 12 гадзін яму асісціравалі каля 20 спецыялістаў. Перасадка органа была паспяхова зроблена 31-гадоваму мужчыне, які паміраў ад цырозу печані.


За пяць гадоў у Беларусі выканана 180 аперацый па трансплантацыі печані. З кожным годам колькасць такіх умяшанняў расце. І калі яшчэ ў 2008-ым было зроблена 9 перасадак гэтага органа, то ўсяго за тры месяцы 2013-га праведзена 19 трансплантацый.


Сёння ў аперацыях па трансплантацыі ныркі, печані або сэрца ў Беларусі маюць патрэбу каля 800 чалавек. Фарміруецца і спіс чакання перасадкі лёгкага, у ім ужо ледзь больш як 10 пацыентаў. Уся справа ў тым, што дэбют такога ўмяшання запланаваны на канец 2013 года. У РНВЦ трансплантацыі органаў і тканіны ўжо створана спецыяльнае аддзяленне, а зусім нядаўна беларускія медыкі вярнуліся з чарговай стажыроўкі ў Вене. За тры тыдні яны тройчы ўбачылі ўвесь працэс трансплантацыі лёгкага - ад пошуку донара, да вядзення пасляаперацыйнага перыяду.


Цікава, што па колькасці арганных трансплантацый Беларусь займае першае месца сярод краін СНД. Летась у рэспубліцы было выканана 274 такія аперацыі.