Беларускія палярнікі вяртаюцца на радзіму

23 апреля 2017

У гэтыя хвіліны ў Нацыянальным аэрапорце іх сустракаюць сем'і, калегі і здымачная група Агенцтва тэленавін. Ці ўсё ўдалося ажыццявіць удзельнікам дзявятай Беларускай антарктычнай экспедыцыі, паспрабуе даведацца ў падарожнікаў Аляксандр Смірноў. Ён на сувязі са студыяй (прамое ўключэнне).

Беларускія палярнікі нарэшце вярнуліся на радзіму амаль праз паўгода знясільвальнага падарожжа. Нагадаем, старт дзявятай Беларускай антарктычнай экспедыцыі быў дадзены напрыканцы кастрычніка, і вось самалётам з Масквы навукоўцы вярнуліся ў Мінск.

Сустракалі іх сям'і, калегі і, вядома ж, наша здымачная група. У склад экспедыцыі ўвайшлі шэсць чалавек: гэта яе нязменны кіраўнік Аляксей Гайдашоў, інжынер-эколаг Юрый Гігіняк, механік Аляксей Захватаў, электраманцёр Пётр Папаламаў, механік Ігар Зміеўскі і радыёметрыст Вадзім Свідзінскі, ён зараз суправаджае наш груз на караблі і вернецца напрыканцы мая.

Нагадаем, перад беларускімі палярнікамі была пастаўлена задача рэалізоўваць праграму па пяці навуковых напрамках, у тым ліку вывучэнне аэразольна-газавага складу атмасферы, вывучэнне азонавага слоя, аспектаў геафізікі, біялогіі і мікрабіялогіі. Але самае важнае - мантаж васьмісекцыённай платформы і санітарна-гігіенічнага блока Беларускай антарктычнай станцыі. Хачу нагадаць, што яе першы модуль быў усталяваны яшчэ падчас мінулай экспедыцыі - гэта камандны і жылы блок.

І вось цікавыя лічбы. З Мінска ў Санкт-Пецярбург было адпраўлена каля 40 тон экспедыцыйнага грузу. Традыцыйна і груз, і навукоўцы дастаўляюцца да берагоў Антарктыкі праз ПАР, праз порт Кейптаўна, на караблі "Акадэмік Фёдараў".

Але пра ўсё больш падрабязна лепш даведацца, што называецца, ад першай асобы. З намі ў прамым эфіры кіраўнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў (відэа).

Усе звесткі, якія навукоўцы сабралі ў Антарктыдзе, будуць праходзіць больш дэталёвае даследаванне. Вынікамі прынята абменьвацца ў сусветнай навуковай супольнасці, паколькі яны шырока прызнаныя і запатрабаваныя. Таму ўпэўнены: усе сенсацыі нас чакаюць наперадзе.