Беларускія каталікі на парозе свята Уваскрэсення Хрыстовага

31 марта 2018

Сёння, у Вялікую суботу, вернікі асвячаюць у храмах сімвалічную ежу, якой ужо заўтра накрыюць святочныя сталы.

Асвячэнне ежы ў большасці касцёлаў краіны пройдзе да позняга вечара, праводзіцца будзе і заўтра, у дзень Вялікадня. У Мінску больш за дзясятак прыходаў з перадвелікодным асвячэннем наведвае духавенства высокага рангу: - архіепіскап-мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны епіскап Юрый Касабуцкі і Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр. Некалькі хвілін назад прадстаўнік Ватыкана ў нашай краіне завяршыў асвячэнне велікодных дароў і зносіны з прыходам касцёла Святой Тройцы на Залатой Горцы сталіцы.

ксёндз Юрый Санько, настаяцель прыхода касцёла Святой Тройцы ў г. Мінску:

«Цудоўная традыцыя - асвячэнне страў на велікодны стол, таму што яна пакрэслівае тую цеплыню, з якой мы будзем засядаць, калі будзем спажываць гэтыя стравы, калі будзем праводзіць час разам. Але, безумоўна, касцёл падкрэслівае і кажа, што без духоўнай часткі матэрыяльная частка не мае сваёй вартасці. Духоўная частка - гэта значыць, мы павінны прыйсці на Літургію, паўдзельнічаць у святых цэлебрацыях, а потым ужо прыйсці дамоў і дзяліцца тым супакоем і радасцю, якім Хрыстос нас напаўняе пасля кожнай Святой Імшы».

Велікодны кошык, які прыносяць для асвячэння, традыцыйна запаўняецца фарбаванымі яйкамі, кулічамі. Асвячаючы прадукты, людзі запальваюць свечку - гэта сімвал малітвы, якая ідзе ад чалавека да Бога.