Беларускія фермеры пераймаюць вопыт у галандскіх селекцыянераў па вырошчванні бульбы

23 августа 2017

Так, у Смалявіцкім раёне апрабоўваюць новыя сарты другога хлеба. Па словах спецыялістаў, міжнародны эксперымент дае магчымасць вывесці такое насенне, якое дае выдатны ураджай, нягледзячы на зменлівае надвор'е. Аляксандр Харавец аб сакрэтах аграбізнесу.

Сцівен Куіпер не ўтойвае здзіўлення - такога ўраджаю бульбы на беларускай глебе ён не чакаў. Пад адным кустом не менш за 10 клубняў агульнай вагой да сямі кілаграмаў. Селекцыянер уважліва разглядае ўраджай і выносіць вердыкт: такі прадукт спадабаецца як беларусам, так і галандцам.

Сцівен Куіпер, прадстаўнік селекцыйнага прадпрыемства (Нідэрланды): "Самую пільнаю ўвагу мы надаем якасці нашага насення. І для кожнай кліматычнай зоны распрацоўваем свой прадукт. Улічваем памеры клубняў, колер лупіны і, канешне, смакавыя якасці, каб задаволіць кожнага пакупніка".

Сёлета фермер Уладзімір Крапіўка ў якасці эксперыменту пасадзіў амаль 60 гектараў розных сартоў бульбы. Гаспадар падкрэслівае: пакуль толькі для павелічэння ўласнага насеннага фонду. У будучыні плануе вывесці свой сорт другога хлеба, які будзе на сталах у кожнага беларуса не толькі як асноўная страва, але і ў якасці прафілактычнага сродку ад анкалагічных захворванняў. Зараз у цяпліцы вырошчвае фіялетавую бульбу.

Карысны ўраджай плануюць сабраць напрыканцы верасня. Невялікую частку пусцяць у продаж. А пакуль жа на плантацыях кіпіць работа па ўборцы не менш вітаміннай прадукцыі - морквы, капусты, баклажанаў і нават перцаў.

Нягледзячы на зменлівы характар надвор'я і зацяжную вясну, ураджай таматаў сёлета ў гаспадарцы выдатны. З аднаго куста збіраюць ад 15-ці да 30-ці кілаграмаў агародніны. Па словах саміх фермераў, сакрэт поспеху даволі просты - вырошчванне выключна ў адкрытай глебе, плюс правільны падбор насення.

Урадзілася сёлета і цыбуля. Уладзімір Крапіўка падкрэслівае: хаця аграсезон сёлета зрушыўся прыкладна на месяц, аднак пры выконванні тэхналогіі расліны нават пры самым дрэнным надвор'і аддадуць максімум клапатлівым гаспадарам. Што тычыцца цэн, то значнага скачка фермеры не прагназуюць.

Аграрыі не выключаюць пэўнага дэфіцыту гародніны на рынку ЕАЭС. Таму пры ўсіх выдатках гэтага сезона выйсце для фермераў - зарабіць на экспарце.

Пакуль жа ўборка агародніны толькі пачынаецца. З улікам усіх сельгасвытворцаў прадукцыі будзе больш чым дастаткова. А зрабіць запасы на зіму жыхары сталіцы і вобласці змогуць на традыцыйных восеньскіх кірмашах.