Усход - справа тонкая і выгадная. Галоўны акцэнт у дыялогу Беларусі з Іранам і Сірыяй

27 ноября 2022

Беларусь на сусветнай арэне заўсёды за разумныя і ўзважаныя рашэнні. Шкада, што не ў модзе сёння такія падыходы. Мінск падтрымлівае раўнапраўны палітычны і эканамічны дыялог з усімі краінамі, якія гатовы яго весці з намі на такіх жа прынцыпах. 60 працэнтаў тавараў і паслуг мы экспартуем, і важна ў цяперашніх санкцыйных рэаліях знаходзіць новыя рынкі і больш трывала замацоўвацца на старых. Тым больш цікавасць да беларускіх тавараў і тэхналогій вялікая. 

Узяць хаця б краіны Блізкага і Сярэдняга Усходу. Рэгіён вялізны. Сёння мы гатовы развіваць там новыя эканамічныя і гуманітарныя праекты, удзельнічаць у аднаўленні разбураных будынкаў. Пацвярджэнне таму - афіцыйныя візіты дэлегацыі беларускага ўрада ў Сірыю і Іран. Краіны, якія не па чутках ведаюць, што такое санкцыі, і жывуць з імі не адзін дзясятак гадоў, сёння гатовы больш актыўна ўключацца ў кааперацыю і гандаль з беларускімі прадпрыемствамі. А таксама даваць свае парты для транзіту. Пра нашы агульныя інтарэсы  Святлана Лук’янюк.

Сярэдні і Блізкі Усход. Тут праходзіць міжнародны калідор поўнач-поўдзень. Для беларускй экспартна арыентаванай эканомікі жыццёва важна выходзіць і замацоўвацца на рынках краін далёкай дугі. Гэты вектар мы вызначылі не сёння, але зараз ён можа стаць больш важкім у экспартным кошыку Беларусі. 

Афіцыйныя візіты дэлегацыі беларускага ўрада ў Сірыю і Іран таму яркае пацвярджэнне. Гэтыя краіны як вароты на вялікую гандлёвую пляцоўку Персідскага заліва. 

Тэгеран на стыку Блізкага і Сярэдняга Усходу. Краіна многія дзесяцігоддзі знаходзіцца пад санкцыямі Захаду. Тым не менш Іран застаецца магутнай энергетычнай дзяржавай свету з унікальным геапалітычным становішчам. У краіне адкрываюцца ўсё новыя нафтавыя радовішчы,  ёсць выхад у Каспійскае мора. А менавіта яно было на карце маршрутаў дэлегацыі беларускага ўрада сёлета - Азербайджан, расійская Астрахань. І зараз Іран. Актуальныя пытанні для нас - развіццё кантэйнерных перавозак, спрашчэнне транзіту і стварэнне новых лагістычных ланцужкоў. 

Нават складаная лагістыка не перашкодзіцца прыехаць больш чым двум дзясяткам кампаній з Беларусі на бізнес-перамовы. Прамысловасць, дрэваапрацоўка, лагістыка, фармацэўтыка - тут ёсць чым падзяліцца. Сваё лепшае паказалі на выставе. Дарэчы, менавіта ў медыцыне ў нас ужо атрымліваюцца сумесныя праекты. 

Зараз важна, каб гэтыя дзелавыя сустрэчы перараслі ў канкрэтныя кантракты. 

Цікавасць беларускіх прадпрыемстваў да паставак у Іран відавочная. Там сёння жыве амаль 87 мільёнаў чалавек, а значыць высокая пакупніцкая здольнасць. Да таго ж пазіцыі Беларусі і Ірана супадаюць па ўсіх актуальных пытаннях эканамічнага парадку дня. А гэтыя сустрэчы і перамовы пацвердзілі, што ў Беларусі на Сярэднім Усходзе ёсць магутны партнёр, з якім мы наладжваем дружалюбныя адносіны амаль тры дзясяткі гадоў. 

Сірыя. Дамаск. Цывілізацыя тут зарадзілася яшчэ ў IV стагоддзі да нашай эры. Вядомы на ўвесь свет археалагічны помнік - Пальміра - на гэтых землях. 

Толькі на даверы мы наладжваем  адносіны  з усімі краінамі. І гатовы дапамагаць тым, каму зараз гэта неабходна. У Сірыю прывезлі шосты гуманітарны груз: дзве з паловай тоны. Тое, што зараз трэба бальніцам, - медыкаменты і дзіцячае адзенне. Мясцовая прэса здымала кожны момант разгрузкі, паказваючы, як гэта важна для іх. Больш чым 21 мільён чалавек жыве на гэтых землях, і людзі адкрываюць для сябе Беларусь, у тым ліку і пабываўшы ў нашых краях. 

"Ваш візіт вельмі важны для нас", - сказаў на сустрэчы з беларускай дэлегацыяй прэзідэнт Сірыі Башар Асад. Сёння час гаварыць аб больш сур'ёзных сумесных праектах, сумяшчаючы вытворчыя пляцоўкі Сірыі і нашы тэхналогіі, бо для гэтай арабскай рэспублікі важна аднавіць свае эканоміку і сацыяльную сферу. 

Сірыя - краіна, разбураная вайной, хаця ў цэнтры так і не скажаш. Мернае жыццё раніцай, рух машын і шматпавярховыя гатэлі. А за некалькі кіламетраў адсюль разбураны цэлыя кварталы, таму аднаўленне дамоў, а таксама ўсёй сацыяльнай інфраструктуры архіважнае і для Дамаска, і для іншых гарадоў Сірыі.

Сярод падпісаных пагадненняў якраз аб жыллёвым будаўніцтве, адукацыі (нашы ВНУ гатовы прыняць студэнтаў з Сірыі) і арганізацыі дарожнага руху. А таксама аб сістэме садзейнічання ўзаемнаму гандлю. Гэта спрашчэнне мытных працэдур, каб хуткасць руху тавараў у двухбаковым напрамку паскорылася. Так, у лагістыцы і фінансах пакуль няма гладкага шляху, але ёсць цікавасць аб'ехаць усе складаныя павароты.

Перамовы ў Дамаску і Тэгеране - гэта пацвярджэнне таго, што адносіны з краінамі Блізкага і Сярэдняга Усходу ў прыярытэце беларускай знешняй палітыкі і гандлю. Пазіцыі зверылі, а гэта значыць, што палёты па гэтых маршрутах прадоўжацца ўжо кропкава. І адлегласць тут не перашкода.