Беларуськалій працягвае стратэгію дыверсіфікацыі вытворчасці

29 июня 2020
Так, у Салігорску пачаў працаваць найноўшы завод па выпуску прадуктаў прэміум-класа - нітрату калію. Гэта мінеральныя ўгнаенні, дзякуючы якім аграрыі атрымліваюць высокі ўраджай, напрыклад, бульбы ці рысу. Прадпрыемства «Белкалій-Мігаа» - сумесны праект нашай краіны з Кітаем - рэалізавалі за год. Тут створана больш за сто новых рабочых месцаў. На першым этапе завод будзе штогод выпускаць звыш 80 000 тон нітрату калію.

Канстанцін Патрываеў, дырэктар ААТ «Белкалій-Мігаа»: "І арыентуецца наша ўгнаенне на хларафобныя культуры. Па-простаму гэта тыя культуры, якія не прымаюць хлор. Для Беларусі  гэта бульба, для Кітая гэта рыс. Зараз мы пастаўляем экспартныя партыі ў Аўстралію, Марока, Грэцыю, у Казахстан паставілі прадукцыю". 

Развіваецца і сам горад беларускіх шахцёраў. Сёння ў Салігорску ўзводзяць новы, дваццаць першы мікрараён. І тут адна з  задач - забеспячэнне жыллём шматдзетных сем'яў. Больш за дзвесце з іх ключы ад кватэр атрымаюць ужо сёлета. Паралельна ў мікрараёне будуюць неабходную для камфорту інфраструктуру.

Валянцін Стасюкевіч, галоўны архітэктар Салігорскага раёна: "У мікрараёне прадугледжана будаўніцтва дзіцячага сада на 330 месцаў, а таксама агульнаадукацыйнай школы на 930 навучэнцаў. Таксама для забеспячэння патрэбнасцяў жыхароў мікрараёна № 21 грамадскімі памяшканнямі плануецца ўзвядзенне ўбудаваных і прыбудаваных аб'ектаў. Яны забяспечаць жыхароў мікрараёна гандлёва-бытавымі, офісна-дзелавымі, фізкультурнымі плошчамі".

У перспектыве ў дваццаць першым мікрараёне Салігорска пабудуюць таксама новы праваслаўны храм. Тэрыторыя вакол яго стане зонай для адпачынку гараджан.