Беларусь сустрэне Новы год маляўніча. У кожным горадзе будзе куды адправіцца пасля апоўначы

30 декабря 2019
Крыху больш за  суткі застаецца да самай доўгачаканай ночы. Беларусь сустрэне Новы год маляўніча і з асаблівым настроем. Яркая ілюмінацыя, шчодрыя калядныя кірмашы будуць ствараць святочную атмасферу і ў саму ноч  з 31 на 1. У кожным горадзе  будзе  куды адправіцца пасля апоўначы. Толькі ў Мінску  некалькі дзясяткаў святочных пляцовак. Яны размесцяцца ў кожным раёне горада.

Самай шумнай і музычнай  стане Кастрычніцкая плошча. Да 4 раніцы там будуць гучаць навагоднія мелодыі і хіты.

Ярка і святочна будзе і ля Палаца спорту. На "Калядным кірмашы"  пачастункі, конкурсы і танцы  таксама практычна да  раніцы.

Там жа  і піратэхнічнае шоу.  Яно пройдзе пад музычны акампанемент  у 1:30. Дарэчы,  святочны феерверк упрыгожыць неба і над паркам Уга Чавеса, а таксама Лядовым палацам. Там пачатак у гадзіну ночы.

Дабрацца да святочных лакацый можна будзе на грамадскім транспарце. Аўтобусы, тралейбусы і трамваі  (самыя загружаныя маршруты) будуць курсіраваць да 5 раніцы. Метро будзе прымаць пасажыраў да 4. А ўжо ў 5:30  мінская падземка зноў будзе адчынена.