Беларусь упершыню адзначае Дзень народнага адзінства

17 сентября 2021
Сёння Беларусь упершыню адзначае Дзень народнага адзінства - дзяржаўнае свята, дату якога вызначыў народ. Бо 17 верасня - дзень, які стаў актам гістарычнай справядлівасці. У 1939 годзе пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі, падчас якога савецкай Беларусі былі вернутыя спрадвечныя тэрыторыі.

Землі з насельніцтвам амаль у 4 мільёны чалавек па выніку Рыжскага мірнага дагавора ў 1921-м былі аддадзеныя Польшчы. Амаль 20 гадоў этнічныя беларусы жылі ва ўмовах нацыянальнага генацыду. Жорсткая палітыка паланізацыі прывяла да таго, што да 1938 года на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў Польшчы, якія палякі звалі няйначай як "усходнія крэсы", не засталося ніводнай беларускамоўнай школы. Сельскае насельніцтва абкладалася вельмі высокімі падаткамі, выплаціць якія было амаль немагчыма. Да беларусаў ставіліся, як да людзей другога сорту. Нават святароў вымушалі праводзіць службы на польскай мове. 

Таму 17 верасня 1939 года для жыхароў Заходняй Беларусі стаў днём вызвалення. Прыйшоў канец нацыянальнаму тэрору. Чырвонаармейцаў сустракалі з кветкамі і песнямі. Людзі, якія амаль 20 гадоў жылі пад прыгнётам зневажання, адчулі сябе часткай адзінай нацыі і аднаго народа.