Беларусь адзначыла вялікае свята - Дзень Перамогі

10 мая 2019

74 гады таму перамогай над фашызмам завяршылася самая кровапралітная ў свеце вайна. Наша краіна страціла кожнага трэцяга. Таму дзявяты майскі дзень - галоўны ў нашай гісторыі. Памяць аб подзвігу бацькоў і дзядоў працягвае жыць сярод малодшых пакаленняў. Герояў той вайны і іх удзячных нашчадкаў напярэдадні сустракалі на плошчы Перамогі. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі паводле традыцыі прыняў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Вольга Анішчанка - аб атмасферы свята. 

Яе заклікалі на фронт адразу, яшчэ і 17 не было. Лідзія Волкава прайшла ўсімі дарогамі вайны - ад Сталінграда да Берліна, дзе і сустракала тую самую, доўгачаканую, перамогу! Як быццам учора.

Іх гісторыямі радасці і смутку поўніцца плошча Перамогі. Сёння памяць аб той вайне захоўваюць усяго ледзь больш як 6 тысяч ветэранаў. І для кожнага з іх дзявяты майскі дзень, вядома, самае галоўнае свята. Свята са слязамі на вачах. 

Кожны год у гэтым сімвалічным месцы для Перамогі і яе пераможцаў узнаўляюць атмасферу мая 45-га. Усе разам. І тыя, хто набліжаў гэты вялікі дзень, і іх нашчадкі, пераемнікі мужнасці мінулых пакаленняў. Віншуюць тых, хто і сёння ў страі, успамінаюць герояў, якія ўжо пайшлі. І вось так ужо 74 гады. У знак таго, што нават ход часу не ў сілах управіцца з чалавечай памяццю.

Ля Вечнага агню тысячы людзей. Аддаць даніну памяці загінуўшым воінам беларусы лічаць святым доўгам. Першы вянок да манумента - ад Кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт сюды прыязджае штогод. Асабіста павіншаваць і перадаць ветэранам галоўную просьбу - жыць, каб сувязь пакаленняў не спынялася. Нагадаць цану той перамогі і каштоўнасць міру, які можна захаваць толькі ў адзінстве.

"Галоўны ўрок Вялікай Перамогі ў тым, што за мір трэба змагацца. Асабліва ў нашыя дні, калі ён знаходзіцца пад прыцэлам глабальнага тэрарызму і не толькі яго. Прычым, усім разам, адзіным фронтам. Як гэта было тады, у далёкія суровыя саракавыя.

На жаль, у Еўропе сёння такога адзінства няма. Але мы ўпэўненыя ў неабходнасці канструктыўнага дыялогу з усімі краінамі. Таму што мір - гэта жыццё. Таму што любы мір - гэта лепш, чым тыя гады ліхалецця, якія мы перажывалі не аднойчы. І мы да гэтага дыялогу гатовыя".

А пасля прама на плошчы Прэзідэнт падпіша альбом "Родныя твары Перамогі", тым самым падтрымаўшы адну з ініцыятыў маладога пакалення. 

Альбом прыдумалі дзеці. Як працяг марафона "Беларусь памятае". Іх прадзяды - тут першыя героі. Салдаты Перамогі і іх праўнукі - маладыя таленты. Пераможцы алімпіяд і творчых конкурсаў, перадавікі студатрадаў, стыпендыяты фондаў падтрымкі адоранай моладзі, актывісты дабраахвотніцкіх і патрыятычных рухаў. Да Дня Незалежнасці гэта гісторыя ў тварах і лёсах будзе папаўняцца ў падарожжах па ўсёй Беларусі. 

Напярэдадні ўвесь дзень да плошчы Перамогі людзі неслі кветкі. Некалькі пакаленняў беларусаў прыйшлі пакланіцца мужнасці загінуўшых воінаў, паказаць вайну ў тварах яе герояў - салдат, не забытых сваімі нашчадкамі. Беларусь памятае кожнага, хто прайшоў няпростымі дарогамі вайны. І гэтая памяць мацнейшая за час.