Новае аддзяленне паштовай сувязі адкрылі ў сталічным мікрараёне Лебядзіны

12 августа 2016

У аперацыйнай зале будуць абслугоўваць 13 тысяч жыхароў мікрараёна, а таксама 100 прадпрыемстваў і арганізацый. Для зручнасці кліентаў усталявана электронная чарга і арганізавана работа чатырох аперацыйных акон. Упершыню ў аддзяленні паштовай сувязі размясцілі і зону самаабслугоўвання. Падрабязна - Наталля Кузьміцкая.

Мікрараён Лебядзіны адзін з самых маладых у горадзе. Літаральна кожны месяц тут святкуюць наваселле. Побач са шматпавярхоўкамі з'яўляюцца дзіцячыя сады, магазіны, аддзяленні банкаў, салоны прыгажосці. Да неабходнай інфраструктуры сёння далучыўся і філіял паштовай сувязі.

Аддзяленне, якое атрымала 62 парадкавы нумар, разлічана на абслугоўванне 13 тысяч жыхароў, 100 прадпрыемстваў і арганізацый з усяго цэнтральнага раёна. Для зручнасці наведвальнікаў усталявана электронная чарга і арганізавана работа чатырох аперацыйных акон.

У кожнай аперацыйнай зале Белпошты сёння імкнуцца аптымізаваць працэс аказання паслуг. Стварэнне зон самаабслугоўвання - толькі першы крок у гэтым кірунку.

З будаўніцтвам новых паштовых аб'ектаў у сталіцы працягваецца і аднаўленне старых як у сферы ўдасканалення і развіцця паслуг, так і паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Сёння кожнае новае аддзяленне нагадвае міні-паштамт. Акрамя ўсіх неабходных паслуг, сучасных аплатна-даведачных тэрміналаў тут ёсць і гандлёва-выставачныя аб'екты, дзе можна набыць як неабходную паштовую, так і сувенірную прадукцыю. Такія аддзяленні, дарэчы, плануецца адкрыць да канца года яшчэ ў двух мікрараёнах горада - Новая Баравая і Каменная Горка.