Беларусь афіцыйна расчыніла дзверы падарожнікам без віз

12 февраля 2017

Сёння ў Беларусі пачаў дзейнічаць пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80-ці краін. Указ Прэзідэнта ў першую чаргу распаўсюджваецца на дзяржавы, спрыяльныя ў міграцыйным плане, а таксама на стратэгічных партнёраў Беларусі. Першых турыстаў у Нацыянальным аэрапорце Мінск сустракаў наш карэспандэнт Дзмітрый Цітоў.

Сёння самымі галоўнымі асобамі, якія сустракаюць пасажыраў у аэрапорце, сталі, вядома, журналісты. Зараз за маёй спінай карэспандэнты чакаюць рэйсы з Германіі і Латвіі. А самым чаканым госцем стала кітаянка, якая прыляцела з Абу-Дабі.

Кітаянка Лі Ен стала героем дня. Яна прыляцела рэйсам з Абу-Дабі. Ёй паставілі толькі адзнаку ў пашпарт аб прылёце, такую ж яна павінна атрымаць, калі будзе вяртацца на радзіму. Сама пасажырка не разгубілася і паразмаўляла з прэсай.

Адзначым, што за парушэнне часу знаходжання ў краіне прадугледжаны штраф да 550 еўра. За мінулы год Беларусь наведалі амаль 280 тысяч турыстаў, і 90 працэнтаў з іх - грамадзяне СНД. У свой час уведзены бязвізавы рэжым з Ізраілем і Турцыяй павялічыў пасажырапаток з гэтых краін у два разы. Зараз чакаем актыўнасць ад турыстаў з Еўропы і Амерыкі.

На гэты момант таксама без візы прайшлі пагранічны кантроль некалькі пасажыраў, якія прыляцелі з Вены. Адзначу і вялікую цікавасць да падзеі журналістаў Беларусі і Расіі.

У нацыянальнай авіякампаніі сцвярджаюць, што меркаваць, як адмена візы паўплывае на павелічэнне пасажырапатоку, можна будзе толькі праз некалькі месяцаў. Турфірмы адзначаюць, што вялікі эфект павінен быць бачны ў наступным годзе.