Беларусь рыхтуецца маштабна сустрэць Дзень Незалежнасці

21 июня 2017

Апошняя падрыхтоўка да парада. Беларусь рыхтуецца маштабна сустрэць Дзень Незалежнасці. Упершыню ў парадзе ўдзельнічаюць войскі тэрытарыяльнай абароны і прадстаўнікі ўсіх механізаваных брыгад. Тэхніку мыюць, фарбуюць, механізмы даводзяць да ідэалу, авіяразлікі адпрацоўваюць новыя элементы, а пешыя каробкі завяршаюць чаканіць крок. Хто прадставіць Узброеныя сілы краіны на парадзе і якія навінкі можна ўбачыць 3 ліпеня, раскажа Аляксандр Камовіч.

Сёння на тэрыторыі 120-й механізаванай брыгады праходзіць апошняя падрыхтоўка тэхнікі да парада ў гонар Дня Незалежнасці. Тут прадстаўлены дзясяткі ўзораў узбраення, але гэта толькі невялікая частка таго, што ўбачаць гледачы 3 ліпеня. Парадная калона расцягнецца на два з паловай кіламетры і будзе складацца з больш чым 200 адзінак як традыцыйнай, так і найноўшай тэхнікі.

3 ліпеня на вуліцы сталіцы выйдуць 27 разлікаў тэхнікі - гэта ўдвая больш, чым летась. Адкрые парад легендарны танк Т-34, за ім пройдуць найноўшыя ўзоры ўзбраення краіны: самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, супрацьтанкавыя і зенітныя комплексы, а таксама гонар беларускага ваенпрама - сістэма залпавага агню "Паланэз".

45 тон сталі, 125-міліметровая гармата - гэты танк не мае патрэбы ў прэзентацыі, бо Т-72 - гэта самая распаўсюджаная мадэль ва ўсім свеце. Яна даўно зарэкамендавала сябе і стала ўдзельнікам многіх канфліктаў. Такія танкі ёсць і на ўзбраенні беларускай арміі, толькі ўжо ў мадэрнізаваным варыянце, з прыстаўкай "Б".

БМП-2, БТР-80 - гэта таксама ўжо знаёмыя мадэлі браніраваных машын. Не абыдзецца сёлета і без навінкі - браневіка "Кайман". Машына была выпрабаваная на пачатку года і ўжо вясной паступіла на ўзбраенне арміі. 7-тонны аўтамабіль атрымаў 170-сільны рухавік, што дазваляе разагнаць "Кайман" да 120 кіламетраў за гадзіну.

Наземная тэхніка ўжо адпрацавала манеўры на палігоне Ліпкі. Лепшыя байцы падраздзяленняў рыхтаваліся да парада некалькі месяцаў. Зараз апошнія штрыхі ў прамым сэнсе гэтага слова. Вайскоўцы гавораць: тэхнічна машыны гатовыя, засталося навесці глянец.

У той жа час нябесныя асы працягваюць трэніроўкі. Як паводзіць сябе ў паветры, гэтыя людзі ведаюць лепш, чым хто б там ні было. Аднак надвор'е - галоўны непрыяцель у справе авіятараў. Таму кожны дзень для пілотаў пачынаецца з перадпалётнага інструктажу, ну а далей - "Па машынах!".

У авіятараў сёлета шмат сюрпрызаў. Навінкай парада ў небе стануць верталёты Мі-8, у мадыфікацыі МТВ-5. Менавіта гэтыя машыны пранясуць нацыянальны флаг над небам сталіцы.

Мі-8 МТВ-5 - гэта апошняе набыццё беларускай авіяцыі. Верталёт абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Усталяваная найноўшая сістэма навігацыі, абарона ад практычна любога віду ракет, а таксама рэжым працы ўначы. Хочацца адзначыць, што Мі-8 - гэта сапраўды шматфункцыянальны верталёт. Акрамя баявой задачы і разведкі, машына можа ўдзельнічаць у выратавальных аперацыях, на яе борт змяшчаецца больш чым 30 чалавек.

Не абыдзецца ў небе над Мінскам і без традыцыйных верталётаў. Нягледзячы на тое што Мі-24 выпускаюцца з 70-х гадоў мінулага стагоддзя, яны выдатна паказваюць сябе і сёння. Гэтая машына можа працаваць у любых метэаралагічных умовах.

З аэрадрома 50-й змяшанай авіябазы 3 ліпеня ўзляцяць 18 машын. Сярод іх упершыню сёлета цяжкі ваенна-транспартны самалёт.

Іл-76 сапраўды флагман беларускай авіяцыі. Канкрэтна гэты самалёт летась атрымаў самыя найноўшыя сістэмы навігацыі, а ўжо сёлета будзе прадстаўлены на парадзе ў гонар Дня Незалежнасці. У небе над Мінскам ён створыць відарыс нацыянальнага флага.

Падрыхтоўка да парада доўжыцца доўгія месяцы. За гэты час вайскоўцы адпрацоўваюць усе неабходныя манеўры і дэталёва вывучаюць сваю тэхніку. Як на зямлі, так і ў небе толькі лепшыя з лепшых.

3500 тысяч вайскоўцаў, а гэта 20 пешых і 27 парадных разлікаў прымуць удзел у парадзе ля стэлы "Мінск - горад-герой". Упершыню сёлета ўдзельнічаюць войскі тэрытарыяльнай абароны і прадстаўнікі ўсіх механізаваных брыгад. Сёння строем яны прайшлі па пляцы ваеннай камендатуры, зноў і зноў адточваючы кожны крок, каб 3 ліпеня рух усёй колоны зліўся ва ўнісон.