Дзень выгадных пакупак сабраў сёння ў Мінску аматараў шопінгу

15 декабря 2013

Тавары можна набыць з 15-працэнтнай скідкай, а работа асноўных магазінаў падоўжана. Для тых, хто выбірае эксклюзіў, варта не прапусціць наступныя выхадныя - у Мінск з усёй Беларусі з'едуцца больш за паўтысячы майстроў і мастакоў прапанаваць варыянты дызайнерскіх падарункаў. Рукадзелле на навагоднюю тэматыку можна ўбачыць і сёння, прычым, гандаль сумясцілі з дабрачыннасцю і захапляюць майстар-класамі. Рэпартаж Аляксандры Драгун.



Сярод плюшавых мядзведзяў і зайчанят з'явілася калекцыя коней. Мастачка Анастасія ведае, што будзе ў трэндзе ў гэтым сезоне. Жарабцы з баваўнянай тканіны ў гарошак, але абавязкова сінія - колер будучага года.


Сваю аддушыну ў ручным майстэрстве знаходзяць людзі рознага ўзросту. На дзясятай - юбілейнай - выставе народнай творчасці амаль паўсотні рукадзельнікаў. Асабліва напярэдадні навагодніх святаў эксклюзіўныя рэчы нарасхват.


Традыцыйна ніводная выстава не абыходзіцца без культурнай праграмы. На гэты раз гасцей заахвочваюць майстар-класам па пляценні. Хоць французскія і грэчаскія коскі я не асвоіла, але з мерапрыемства вярнулася з арыгінальнай прычоскай. Застаецца падабраць упрыгажэнне.


Завушніцы, бранзалеты, пярсцёнкі і брошкі. Сучасныя рашэнні і непаўторныя ідэі тут літаральна на кожным прылаўку. Здавалася б, звычайная шпілька з пацеркамі надасць паўсядзённаму світару святочны выгляд.


Шопінг сумяшчаюць з дабрачыннасцю - збіраюць сродкі на аперацыю для хворых дзетак. Дастаткова набыць тавар у Сонечнай краме. Тут прапануюць біжутэрыю, сувеніры з лямцу і прадметы інтэр'еру. Выручаныя грошы накіруюць для рэабілітацыі Дар'і Сяргейчык.


Медны дрот, камяні, палімерная гліна, лямец і бісер. З творчым падыходам звычайныя матэрыялы атрымліваюць новае жыццё. Набыць аўтарскія рэчы можна і сёння да паловы шостай вечара. Але не апошні раз. Хутка майстры зноў аб'яднаюць сваю творчасць у адзіную выставу.