Беларусь маштабна адзначыць 72-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

8 мая 2017

І ў гэты дзень запланавана мноства святочных мерапрыемстваў. Гэта і цырымонія ўскладання ля галоўнага манумента Перамогі, і канцэртна-тэатралізаваная праграма там жа ўвечары. І гэта, не лічачы мерапрыемстваў, якія пройдуць на ўсіх святочных пляцоўках краіны. Завершыцца святкаванне Дня Перамогі маляўнічым феерверкам. Антаніна Станкевіч - падрабязна аб тым, як будзе адзначаць Дзень Перамогі краіна.

Заўтра ў доме магілёўскага ветэрана Фёдара Нікіціна будзе шумна і весела. Спачатку ў госці прыйдуць школьнікі - гэта ўжо традыцыя, пасля зазірнуць суседзі павіншаваць ветэрана з двайным святам. У галоўным дакуменце Фёдара Нікіціна чорным па белым выведзена: дата нараджэння 09.05. Ветэран, які на вайну трапіў усяго ў 17 гадоў і прайшоў яе да канца, не хавае слёзаў радасці: гэты дзень для яго двайное свята.

Разам з Фёдарам Нікіціным Дзень Перамогі адзначыць уся краіна. Ветэраны вайны, іх дзеці, унукі і праўнукі ўспомняць тых, хто, на жаль, не ўбачыць упрыгожаных гарадоў і вуліц, і шчаслівых усмешак на тварах людзей.

Мурманск, Адэса, Кіеў, Масква і, вядома ж, Брэсцкая крэпасць, і Мінск. Гарады-героі, краіна-герой і людзі-героі, дзякуючы якім наогул магчымае гэтае свята. А ў Беларусі, краіне, дзе загінуў кожны трэці, проста няма і не можа быць тых, хто не мае дачынення. Менавіта таму, не толькі раз на год, а заўсёды памятаюць аб тым, што подзвіг народа бессмяротны.

Цэнтральнае святочнае мерапрыемства - цырымонія ўскладання да манумента Перамогі - пачнецца апоўдні. Тут ушануюць памяць герояў хвілінай маўчання і салютнымі залпамі. На плошчы Перамогі збяруцца ветэраны, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі дыпкорпуса. У цырымоніі ўскладання прымуць удзел салдаты роты ганаровай варты, ваенны аркестр і лепшыя харавыя калектывы горада. А ў канцы цырымоніі ўсе ўдзельнікі выканаюць песню "Дзень Перамогі".

Горад-герой Мінск ператворыцца ў адну вялікую канцэртную пляцоўку. Галоўнай стане тэрыторыя ля Палаца спорту з інтэрактыўнымі забаўкамі, беларускай кухняй, горадам майстроў, імправізаваным амфітэатрам. Парк Перамогі, Верхні горад, а таксама пляцоўкі ў раёнах рыхтуюць свае святочныя праграмы. У кожным раёне яна свая, але ўсюды будуць гучаць любімыя пераможныя песні.

Маштабна адзначаць Дзень Перамогі і ў рэгіёнах. У Брэсце ўрачыстасці пройдуць у цытадэлі, якая першай прыняла на сябе ўдар у 1941-м. На плошчы цырыманіялаў у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць" адбудзецца ўрачысты мітынг і святочны канцэрт.

Выстава - дэманстрацыя ваеннай формы, канцэрт хору ветэранаў, спартыўныя спаборніцтвы чакаюць жыхароў Віцебска.

Урачысты марш воінскіх часцей Магілёўскага гарнізона, а таксама тэатралізаваныя праграмы на свае вочы змогуць убачыць магіляўчане.

Тыя, хто не ведае войны, скажуць дзякуй ветэранам і ў Гродне. Тут падрыхтавалі выступленні духавых аркестраў, музычных і харэаграфічных калектываў адразу на некалькіх пляцоўках.

Парад пераможцаў дасць старт святкаванням у Гомелі. Гэтае шэсце ўжо стала традыцыяй горада - адзінай калонай па цэнтральнай вуліцы пройдуць ветэраны, моладзь, спартсмены і жыхары горада.

Святочныя мерапрыемствы працягнуцца да самага вечара. У сталіцы плошча Перамогі ператворыцца ў сцэну пад адкрытым небам. Амаль 800 артыстаў будуць ствараць асаблівую, памятную атмасферу. Замест дэкарацый - некалькі вялізных святлодыёдных экранаў. На іх жыхары і госці сталіцы ўбачаць рэдкія кадры часоў вайны: ад захопу Брэста да вызвалення Мінска.

У канцы дня на плошчы Перамогі ажывуць і забытыя ваенныя гісторыі. Светлавое шоу пачнецца ўвечары. Натуральным экранам стануць два дамы на полшчы Перамогі. Завершыцца канцэртная праграма маляўнічым феерверкам. Разнаколерныя залпы сінхронна запусцяць у розных гарадах у 11 вечара. У Мінску салютаваць будуць адразу з пяці пунктаў, каб маляўнічыя агні былі бачныя ў любым месцы горада.