Аварыйныя брыгады ліквідуюць наступствы непагадзі ў Беларусі

3 августа 2017

Напярэдадні моцны вецер валіў дрэвы, зрываў дахі, выбіваў шыбы. Пацярпелі 24 населеныя пункты ў 9 раёнах Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Без даху над галавой аказаліся жыхары 19-ці дамоў, таксама даху пазбавіліся і 28 сельгаспабудоў. Без электрычнасці засталося больш за 500 населеных пунктаў.

Адным з самых пацярпелых рэгіёнаў стаў Вілейскі раён Мінскай вобласці. Відавочцы з вёскі Крывое сяло знялі магутны вецер і лівень. Ураган зрываў вялікія галіны з дрэў і адносіў іх на дзясяткі метраў. Людзі баяліся выходзіць на вуліцу.

Паблізу вёскі Кобузі загінула 11-гадовая дзяўчынка. На мікрааўтобус упала дрэва. У салоне аўтамабіля знаходзіліся двое дарослых і пяцёра дзяцей. Астатнія не пацярпелі. Сёння ў Беларусі зноў чакаюцца навальніцы і моцны вецер.