Аварыйныя балконы павінны адрамантаваць на працягу сутак

1 ноября 2016

Праўда, атрымаць такое заключэнне часам не так проста. Адпаведную экспертызу праводзяць не толькі мясцовыя камунальныя службы, але і навукова-праектныя арганізацыі. Хваляванні спецыялістаў выклікаюць у першую чаргу балконы ў старых дамах, дзе не праводзіўся капітальны рамонт. Антаніна Станкевіч разбіралася ў праблеме.

Павел Кіцель - шчаслівы ўладальнік двухпакаёўкі ў старой хрушчоўцы - на свой балкон запрашае нас, як кажуць, на свой страх і рызыку. Канструкцыя, мякка кажучы, даверу не выклікае. Трэшчыны таўшчыней некалькі сантыметраў і старая ржавая арматура бачны нават няўзброеным вокам.

Заяўку ў кантакт-цэнтры прынялі аператыўна - работнік ЖЭСа правёў свае даследаванне на наступны дзень. Аднак сітуацыю гэты факт змяніў мала. У ЖЭСе №6 разводзяць рукамі: дом па адрасе Купрыянава, 5 і яго праблемныя бакі добра вядомы кожнаму камунальніку на ўчастку. І скарга на стан балконаў тут далёка не першая. Аднак адрамантаваць канструкцыю сваімі сіламі не могуць: для гэтага няма ні тэхнічнай, ні фінансавай магчымасці.

Два разы на год у сталіцы праводзяць абследаванні балконаў у старым жылфондзе. Планы і тэрміны работ распрацоўваюць цэнтралізавана ў раённых ЖРЭА.

А тое, што няспраўны стан балкона можа прывесці да трагедыі, факт, на жаль, ужо даказаны часам. Гэтыя кадры з горада Слоніма. Тры гады таму бетонная канструкцыя на трэцім паверсе абвалілася разам з гаспадыняй. Жанчына загінула праз дзве гадзіны ў рэанімацыі.

Аналагічны выпадак здарыўся ў Мінску яшчэ чатырма гадамі раней. На шчасце, на вуліцы Казлова абышлося без ахвяр. Аднак спадзявацца толькі на выпадак не варта.

Замацаваць канструкцыю самастойна ў жыхароў кватэр таксама не атрымаецца. Па-першае, дрэнна выкананыя работы могуць прывесці да падзення балкона. Акрамя таго, такія канструкцыі - фактычна гарадская маёмасць. І права на эксплуатацыю і рамонт балконаў належыць выключна сталічным камунальным службам.

Жыхарам праблемных кватэр пакуль што застаецца забыцца пра тое, што ў іх есць балкон. Бялізну можна пасушыць і ў кватэры, жартуе Павел, а экстрыму ў звычайным жыцці і так хапае.