Астраномы з Беларусі, Украіны і Расіі адкрылі больш за тысячу пераменных зорак

4 февраля 2013
Кожная з іх атрымала імя і ўнесеная ў агульны каталог.
У такіх хатніх абсерваторыях 13 астраномаў-аматараў з Беларусі, Украіны і Расіі менш, чым за 2 гады адкрылі больш як 1000 пераменных зорак. Апошнюю, дарэчы, выявілі 29 студзеня на адлегласці некалькі сотняў светлавых гадоў ад Зямлі. І гэта яшчэ не самая далёкая з зорак. А вось, каб даказаць, што зорку адкрыў менавіта ты, дастаткова, каб інфармацыя аб ёй прыйшла першай у Міжнародную базу асацыяцыі назіральнікаў пераменных зорак.
Начамі за тэлескопамі гэтыя людзі - астраномы, цалкам пагружаныя ў глыбіні космасу. Днём жа зноў пераўвасабляюцца ў анестэзіёлагаў, праграмістаў і інжынераў. Андрэй, каардынатар гэтага аматарскага праекта, напрыклад, урач магнітна-рэзананснай тэрапіі. Адкрыццё ж пераменных зорак абсалютна некамерцыйны занятак. Гэта ў прамым сэнсе - дзеля навукі. І яго фундаментальная мэта - дапамагчы ўжо прафесійным навукоўцам нарэшце высветліць, як утварыўся і як развіваецца наш Сусвет.
Мала хто ведае, але менавіта астраномы-аматары адкрылі камету Хейла-Бопа, планету Уран і нават некалькі галактык. Магчыма, моднае ў бізнес-асяроддзі слова аўтсорсінг прыжылося б і ў зорнай супольнасці. Дарэчы, сёння, праўда, не за адкрыццё пераменных зорак, а за новыя каметы, якія пагражаюць Зямлі, тым хто іх знайшоў, выплачваюць прэміі. Часам сума дасягае 20 000 долараў. Таму гонка за касмічнымі гасцямі ў вузкім коле астраномаў ідзе сур'ёзная.
Зараз Андрэй чакае вясны і рыхтуецца ўсталяваць купал над сваёй хатняй абсерваторыяй. Хтосьці на ўчастку будуе лазню, хтосьці абсерваторыю. У апошнім выпадку, беларускай астранамічнай навуцы варта чакаць адкрыцця новых зорак з айчынным індэксам з прысядзібнага ўчастка.