Аляксандр Таратута з Нясвіжскага раёна калекцыянуе гадзіннікі з гіравым механізмам

16 января 2020
Справа жыцця ў секундах, хвілінах, гадзінах. Аляксандр Таратута з Нясвіжскага раёна калекцыянуе гадзіннікі з гіравым механізмам. Экспанаты жыхар вёскі Сейлавічы збірае ўжо некалькі гадоў. Са спевам хатніх зязюль пазнаёмілася Алена Вітко.

Цішыня ў доме Аляксандра Таратуты - з'ява рэдкая. Тут заўсёды чуваць гукі курантаў і цікання. Ужо некалькі гадоў мужчына калекцыянуе гадзіннікі. Купляе іх у асноўным у добрым стане, каб захавалася завадская аўтэнтычнасць. 

Першы гадзіннік Аляксандру падаравалі. Стары механізм трэба было  адрамантаваць. І пасля ўдалага эксперыменту калекцыянер не змог спыніцца. Усяго ў калекцыі Аляксандра больш за 60 гадзіннікаў. Каля 40 - з зязюлямі, яшчэ 20 - ходзікі. Усе яны адрозніваюцца колерам, формай, памерам. Напрыклад, ёсць мініяцюрныя ці гадзіннікі вялікія.

Асаблівы гонар Аляксандра - серыя з размаляванымі фасадамі. Пакуль у калекцыі 8 гадзіннікаў з 9 вядомых. Апошні і доўгачаканы экзэмпляр яшчэ не знайшоўся.

Клубніцы, вавёркі, казуля, ружы, сняжынка і шышкі - гэта ўсё назвы гадзіннікаў. Іх збіральнік падбірае па асацыяцыях, каб арыентавацца ў калекцыі. Сваё хобі Аляксандр развівае і ў інтэрнэце. З аднадумцамі ён звязваецца ў сацыяльных сетках. А на ютуб-канале выкладвае відэаінструкцыі. Захапленне Аляксандра падтрымліваюць родныя і сябры. Разам з імі ён шукае новыя экспанаты і ўдзельнічае ў аўкцыёнах. Калекцыя гадзіннікаў толькі павялічваецца.