Аляксандр Лукашэнка: Зрабіце маленькі крок насустрач свайму здароўю і выратаванню

19 апреля 2020
Свята, якое нясе святло, дабрыню і, вядома, надзею! Хрыстовае Уваскрэсенне - Вялікдзень - сёння адзначаюць праваслаўныя вернікі. Так сталася, што сёлета вялікае свята як ніколі асацыюецца з перамогай. Чарговы раз задумваешся, які ж глыбінны сэнс нясе перамога жыцця! Гэта пераацэньванне каштоўнасцяў і прыярытэтаў. Зараз, мабыць, кожны на пытанне "Што ж для вас самае галоўнае?", напэўна, адкажа - здароўе! Сапраўды, сёння пажаданні здароўя і даўгалецця гучаць нароўні з трохразовым "Хрыстос уваскрос!" Натхненне, якое нясе нам гэтае вялікае свята, толькі ўзмацняе веру, што ўсё будзе добра - у нас, і ў суседзяў, і наогул на планеце.

Так, жыццё ва ўмовах пандэміі адкарэктавала планы вернікаў, не ўсе сёння прыйшлі ў храм. Але ў Беларусі дарогу да яго не закрывалі. І сам Кіраўнік дзяржавы, як і абяцаў, радасць гэтага светлага дня падзяліў разам з вернікамі. Для Прэзідэнта гэта больш чым традыцыя. Якім бы шчыльным ні быў графік, ды і наогул, нягледзячы на акалічнасці, кожны год Аляксандр Лукашэнка наведвае святыні ў розных кутках краіны. Гэтым разам Кіраўнік дзяржавы прысутнічаў на святочным набажэнстве ў Свята-Благавешчанскім храме ў вёсцы Малыя Ляды. Гэта за 40 кіламетраў ад Мінска. 

Царква знаходзіцца на тэрыторыі мужчынскага манастыра. Ён стаў сапраўдным духоўным цэнтрам і месцам паломніцтва для праваслаўных хрысціян. Вядома, сёння людзей у храме было не так шмат, як звычайна. І ўсё ж тыя, хто змог, прыйшоў, каб памаліцца за родных і блізкіх, паставіць свечку і проста са сваім унутраным маналогам пабыць у святочнай атмасферы. А ў храме нічога не памянялася - паглядзіце самі. Жывыя кветкі ўпрыгожылі алтарную частку і абразы, гучалі духоўныя спевы і, вядома, "Хрыстос уваскрос"! Разам з малодшым сынам Мікалаем Аляксандр Лукашэнка запаліў святочную свечку. 

У гэтыя святочныя велікодныя дні хочацца больш гаварыць пра добрае, але абстрагавацца ад усяго свету і яго навін  немагчыма. Людзям як ніколі неабходна падтрымка ў выглядзе добрага слова, якое ўсяляе аптымізм і натхняе. Асабліва ў гэты дзень у царкве Прэзідэнт не мог не сказаць тыя рэчы, якія ад яго так чакалі пачуць.

На Вялікдзень абавязкова прынята дарыць падарункі. Прэзенты атрымалі ўсе, хто прысутнічаў на святочным набажэнстве. Аляксандр Лукашэнка пачаставаў вернікаў сваім фірмовым шакаладам "Прэзідэнт". Часцей за звычайнае гучалі словы падзякі, узаемныя пажаданні здароўя і даўгалецця. Вось так, проста, вернікі распавядалі, што моляцца за ўсіх беларусаў і за краіну.

Падарунак на памяць аб гэтай сустрэчы і светлым дні Прэзідэнт падрыхтаваў і для Лядзенскага храма, гэта абраз "Уваскрэсенне Гасподняе". А вось Кіраўніку дзяржавы падарылі ікону Божай Маці "Заступніца" - адну з найболей вядомых і ўшанаваных у праваслаўным свеце. Падарунак вельмі сімвалічны, пасуе няпростаму часу. Маці Божая засцерагае і абараняе ўсіх нас.