Афіша святочных мерапрыемстваў да Дня горада Мінска -2023

8 сентября 2023

Рыцарскія турніры, квесты, Фестываль нацыянальных культур і алімпійскі дзень. Мінск у прадчуванні маштабнага свята. Па традыцыі ў другую суботу верасня разам адзначаем Дзень горада. Сёлета сталіцы Беларусі - 956!

Заўтра праграма пачнецца ў 11:00 з сімвалічнага знака памяці - пакланення героям-вызваліцелям ля стэлы "Мінск - горад-герой". Пасля, апоўдні, музычныя віншаванні разальюцца па сталічных вуліцах і праспектах.

Прадчуванне святочных выхадных у Аляксандры Гойтан.

Свята гарадской гасціннасці, сталічнага размаху і шырокай беларускай душы. Мінск у прадчуванні вялікай урачыстасці. Гораду-імянінніку - 956! Упрыгожаныя вуліцы і праспекты стракацяць кветкамі і віншаваннямі і амаль гатовы сустракаць гасцей.

Па традыцыі грандыёзную праграму рыхтуюць на набярэжнай Свіслачы: святочны канцэрт, уручэнне ўзнагарод уладальнікам звання "Мінчанін года" і "Ганаровы грамадзянін горада Мінска". Побач з фантанам вырасце гарадок народных умельцаў, а таксама гандлёвыя рады і шчодры кірмаш.

Набярэжная Свіслачы стане і самай спартыўнай пляцоўкай. Тут рыхтуюць інфраструктуру для правядзення Міжнароднага алімпійскага дня. Далучацца і байкеры, якія гучна і яскрава закрыюць мотасезон.

Ля ўваходу ў парк Перамогі будуць спаборнічаць пажарныя-ратавальнікі і выбіраць наймацнейшага падчас праходжання вогненных эстафет. Акрамя Беларусі, свае каманды прадставяць Расія і В'етнам.

Фестываль нацыянальных культур як падарунак гораду і прызнанне ў шчырых пачуццях да беларускай сталіцы, якая для многіх народаў стала радзімай.

Ужо заўтра ў Верхнім горадзе - больш за 20 каларытных калектываў праз аўтэнтычныя вобразы, мелодыі і танцы перанясуць гледачоў у далёкія краіны і гарады.

А ўбачыць сярэдневяковы Мінск прапануюць на фестывалі гістарычнай рэканструкцыі. Арыенцір – суббота, 12:00, зялёная пляцоўка паміж стэлай і Палацам спорту. Усе выхадныя тут будзе відовішчна, а пакуль падрыхтоўка рысталішча да коннага турніру і рыцарскіх баталій.

Святочны маршрут выхаднога дня прадумалі ў кожным раёне Мінска. Гасцей чакаюць інтэрактыў, майстар-класы, тэатралізаваныя паказы, квесты і музычныя падарункі як на сушы, так і на хвалях рачных артэрый сталіцы-імянінніцы.

25 хвілін воднай вандроўкі і натхнення маляўнічымі пейзажамі гарадской прыроды. Злавіць хвалю цяпер можна на трамваі, рачным трамваі. Гэта новы від транспарту для адпачынку ў сталіцы.
Яркім вячэрнім акцэнтам стане светлавая феерыя. У 23:00 неба над Мінскам заззяе фантанамі каляровага шоу. Імянны феерверк запусцяць са сквера Старосцінская слабада.

Такое маляўнічае прызнанне стане завяршэннем насычанай праграмы, каб у нядзелю даць старт Мінскаму паўмарафону і новаму святочнаму дню ў любімым горадзе.