98-гадовы ветэран Уладзімір Ламака падзяліўся трагедыяй вогненных 40-х, подзвігам народа і асабістым шчасцем

16 июня 2022

У жыццё героя наступнага матэрыяла  святы, песні, танцы і спорт прыйшлі пасля вайны. Вялікую Айчынную Уладзімір Афанасьевіч Ламака сустрэў юнаком. У лепшыя свае маладыя гады перажываў акупацыю, партызаніў, потым  пайшоў на фронт і каваў Вялікую Перамогу, якую сустрэў у Брандэнбургу. Сёння 98-гадовы ветэран  дзеліцца  трагедыяй вогненных 40-х, подзвігам народа і асабістым шчасцем - застацца жывым. Дыялог з удзельнікам вайны запісала Наталля Бардзілоўская

Вёска Пяцеўшчына Мінскага раёна, да вайны тут было 150 двароў. У тым ліку і хата на гэтым месцы, у якой тады пражываў і сёння жыве Уладзімір Афанасьевіч Ламака. Да пачатку лета 1941 ён скончыў 8 класаў. На канікулы меў вялікія планы: дапамагчы матулі па гаспадарцы і навучыцца рамяству бацькі - той быў кавалём.

Ажыццявіць намер 16-гадоваму падлетку не ўдалося. Пачатак вайны памятае як сёння: юнакам з Пяцеўшчыны даручылі весці коней з вёскі ў Мінск, у вайсковую часць Уручча.

У бацькоўскім доме Уладзімір прабыў нядоўга. Па вёсках немцы збіралі юных беларусаў для адпраўкі ў Германію. Баракі для збору людзей знаходзіліся ў Сцяпянцы. Адтуль знаходліваму хлопцу ўдалося збегчы, але знайшлі, вярнулі, павялі на расстрэл.

Удача. Яна спрыяла Ламаку ўсю вайну. І ён, нібыта абавязаны лёсу за дапамогу, стараўся таксама рабіць дабро. Калі быў у акупацыі, выратаваў раненага чырвонаармейца (цішком дацягнуў да шпіталя і перадаў урачам). А калі набліжалася Перамога, і сам баец 348-й стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту Уладзімір Афанасьевіч у Брандэнбургу нёс службу па ахове германскага танкавага завода,  праявіў подзвіг чалавечнасці. 

Франтавік, партызан. У пасляваенным жыцці перадавік, 30 гадоў адпрацаваў у родным калгасе. Вось і зараз любіць зямлю. 

Здольнасці кветкавода Уладзіміра Афанасьевіча не засталіся незаўважанымі. Кветнік сям'і атрымаў высокую адзнаку ў конкурсе "Ветэранскі падворак". Азеляняць двор пенсіянеру дапамагае жонка, верная спадарожніца па жыцці. Сама ўдзельніца і відавочца вайны.

Жыццё падаравала Ламакам мір пасля вайны, доўгае жыццё, дзяцей і ўнукаў. Шчаслівыя людзі, у летапісе якіх і подзвіг, і высакароднасць, і прыклад маладому пакаленню.