80% школ і гімназій сталіцы атрымалі пашпарты гатоўнасці да новага навучальнага года

10 августа 2018

У кожным раёне горада створаны спецыяльныя камісіі. Спецыялісты падчас аб'ездаў ацэньваюць узровень падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі. Праверкі працягнуцца да 15 жніўня. Больш падрабязна - Наталля Кузьміцкая.

У калідорах пакуль не чуваць дзіцячага гоману, аднак ужо хутка тут закіпіць жыццё. У кабінетах засталося расставіць мэблю, падключыць тэхніку - у астатнім новая чатырохпавярховая школа гатовая прыняць сваіх першых вучняў.

У сучасным вучэбным комплексе прадугледжаны рознаўзроставыя класы, лінгафонныя кабінеты, утульныя актавая і канферэнц-залы. Ёсць вялікая спартыўная база, якая уключае тэнісныя корты, баскетбольную і футбольную пляцоўкі, што дазволіць праводзіць займальныя рухомыя ўрокі як пад дахам, так і на свежым паветры.

Школа пакуль не будзе мець пэўнага профілю. Аднак у планах дырэктара ўзяць курс на адкрыццё навуковых і спартыўных талентаў у вучняў.

Да Дня ведаў не ў такіх маштабах, але не менш актыўна, рыхтуюцца ва ўсіх установах адукацыі горада. Сярэдняя школа 121 пашпарт гатоўнасці атрымала адной з першых у раёне. Да новага навучальнага года закупілі новую мэблю для сталовай, абнавілі кабінеты. Штогод тут імкнуцца здзівіць вучняў, каб ім цікава было вяртацца пасля летніх канікул.

Сёлета атрымаць пашпарты гатоўнасці павінны 178 школ і 50 гімназій. На 80% гэтая работа завершана.

І ўжо на наступным тыдні пачнецца падрыхтоўка да ўрачыстых лінеек і першых званкоў. Асаблівым і памятным гэта свята стане для бацькоў і дзяцей, якія зменяць статус дашкалят на першакаласнікаў. Іх у сталіцы сёлета будзе больш за 20 тысяч.