77 гадоў таму Брэсцкая крэпасць першай сустрэла ворага

22 июня 2018

У гэтыя дні ў Беларусі ўспамінаюць падзеі 77-гадовай даўнасці. 22 чэрвеня 1941 года. Досвіткам Брэсцкая крэпасць - герой першай сустрэла ворага, які без абвяшчэння вайны напаў на Савецкі Саюз. Пагранічнікі і абаронцы цытадэлі першымі прынялі на сябе ўдар праціўніка.

Асаблівая атмасфера ў гэтую журботную дату ля сцен Брэсцкай крэпасці. Ушанаваць памяць загінуўшых і ўспомніць пра мужнасць савецкіх салдат у мемарыяльны комплекс прыйшлі тысячы людзей. На пліты некропаля леглі вянкі і жывыя кветкі. Успомніць тых, хто паміраў, але не здаваўся, у Брэст прыехалі дэлегацыі і ўдзельнікі аўтапрабегаў.

Пасля мітынгу-рэквіема на Кобрынскім умацаванні крэпасці прайшла традыцыйная рэканструкцыя падзей першых дзён вайны. Ключавыя эпізоды абароны Брэсцкай крэпасці ўзнавілі ваенна-гістарычныя клубы з 11 краін.