70-гадовы юбілей адзначае голас "Песняроў" Анатоль Кашапараў

15 октября 2020

15 кастрычніка адзначае дзень нараджэння Анатоль Кашапараў - голас "Песняроў", вядомы з першых нот. Юбіляру сёння - 70. Заслужаны артыст Беларусі дэбютаваў як вакаліст у саставе групы "Сінія гітары", але ўсесаюзнае прызнанне атрымаў менавіта ў легендарным беларускім ВІА "Песняры". Усім вядомыя "Вологда" и "Я не могу иначе"   падпявалі мільёны.

Цікавыя факты з жыцця Анатоля Кашапарава сабрала Дар'я Тарасава.

За паўстагоддзя ў музыцы чалавек з самым вядомым тэмбрам у Савецкім Саюзе сваім вакалам пераносіў слухача "в дом, где резной полисад", пераможны май 45-га або проста, як у выпадку са "Спадчынай", спяваючы радкі класіка стаў народным улюбёнцам. У бэнд, які ўжо грымеў на ўвесь Саюз, студэнта палітэха запрасіў сам Уладзімір Мулявін.

Каб пачуць талент, галоўнаму песняру не спатрэбіліся кастынгі, паваротнай стала сустрэча ў рэстаране гасцініцы "Юбілейная". У 70-х пры кожнай установе працавалі ВІА. Так, у якасці вакаліста Кашапараў стаў голасам самага вядомага саставу і дзяліў сцэну з Барткевічам, Місевічам, Тышко і Дзямешкам. Мулявін адводзіў яму ролю хлопца з народа. Спачатку ў рэпертуары бэнда былі толькі беларускамоўныя песні, пашырыць дыяпазон да савецкіх аўтараў настаяла Міністэрства культуры. Тады ж з'явілася "Вологда". Пасля таго як яна прагучала на Цэнтральным ТБ у заключным вечары фестывалю "Песня-76", вакаліст, як кажуць артысты, прачнуўся знакамітым. Усе ўдзельнікі бэнда атрымалі заслужаных, заснавальнік - народнага.

На беларускай аўтэнтыцы "Песняры" пакарылі беларускую і заходнюю сцэны. Гастраляваць па Амерыцы ў саставе ВІА быў запрошаны і Кашапараў.

Расстаўся з "Песнярамі" дзеля эстраднай рэжысуры. Пасля іміграваў на Брайтан-Біч. А ў Фларыдзе гандляваў піцай. Сёння ён часта бывае на радзіме, прыязджае выканаць шлягеры на біс. Так, заслужаны артыст быў заўважаны на "Славянскім базары". Не змог прапусціць паўвекавы юбілей ВІА. І, трэба сказаць, такую частую прысутнасць Кашапарава на постсавецкіх падмостках асацыююць з яго вяртаннем на радзіму.

Нягледзячы на тое, што Анатоль Кашапараў святкуе свой дзень нараджэння сярод сяброў у Сочы і дзеліцца здымкамі ў сацыяльных сетках, яго "Вологда" сёння прагучала на сцэне канцэртнай залы "Мінск". Традыцыі ВІА, які стаў вакальнай візітоўкай краіны, працягвае маладое пакаленне артыстаў - дзяржаўных "Песняроў".