591 прыступка і 300 прыхільнікаў здаровага ладу жыцця - у Мінску прайшоў "Вертыкальны забег"

3 декабря 2022

Сёння ў Мінску адбыўся "Вертыкальны забег". Больш чым 300 прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, у тым ліку і самыя маленькія пакаралі Нацыянальную бібліятэку. Кожны ўдзельнік пераадолеў амаль 600 прыступак (гэта 23 паверхі) і на вяршыні быў па-сапраўднаму шчаслівы. Падрабязнасці ў Андрэя Казлова.

Апошнія парады перад стартам, а таксама вада ў самых прадбачлівых. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўсё так проста.

"Вертыкальны забег" сабраў больш чым 300 удзельнікаў

Дакладна падлічана: 591 прыступка, якая спачатку выглядае лёгкім падарожжам, але з кожным імгненнем прымушае глядзець на нумары паверхаў і набліжаць такі доўгачаканы фініш.

І спартыўны кайф кожны ловіць, выбягаючы з калідора. Менавіта ў гэты момант здаецца, што ты не толькі вышэй за ўвесь Мінск, але і самы лепшы атлет на планеце.

"Вертыкальны забег" - мерапрыемства на аматара, але і ў яго ёсць свая вялікая аўдыторыя, будзь ты спартсмен з намёкам на прафесіяналізм, ці проста чалавек, які суботнюю раніцу праводзіць менавіта так.

Вольга Вараб'ёва, удзельніца "Вертыкальнага забегу":

Я ўдзельнічала першы раз у гэтым забегу, а наогул я бегаю даўно, але першы раз менавіта па лесвіцы. Чакала, што будзе лягчэй, таму што я дастаткова трэніраваная. Я бегаю ультрамарафоны па 50 км, рыхтуюся да 100 км. Я не чакала, што на апошнім паверсе ў мяне пачне зводзіць ногі. 

І на адным з самых высокіх пунктаў Мінска важна ўцяпліцца ўсім удзельнікам і паставіць новыя мэты, якія можна дасягнуць.