50 гадоў Сусвет запрашае ў госці

1 августа 2015

Сёлета паўвекавы юбілей адзначае Мінскі планетарый! Будынак ўзвялі па тыпавым праекце на самым высокім месцы ў парку Горкага, але істотным адрозненнем ад братоў-блізнят стала абсерваторыя. Наймацнейшы тэлескоп набліжае да гледачоў кратары Месяца, імглістасці і зоркі. 29 ліпеня 1965 года стаяла чарга мінчан, каб разам здзейсніць падарожжа ў космас і пазнаёміцца з таямніцамі нябесных з’яў. Сёлета планетарый і абсерваторыю наведалі больш за 50 тысяч чалавек. Акрамя акадэмічных лекцый, паказваюць сферычныя фільмы як для дарослых, так і для дзяцей... Або толькі для дваіх падчас рамантычнай гісторыі. Расказвае Аляксандра Драгун.

Разгледзець кратары на Месяцы ці плямы на Сонцы, назіраць за вогненным Марсам і прыгажосцю Венеры Васіль Нішчык змог дзякуючы планетарыю. 45 гадоў таму мужчына ўпершыню падняўся па звілістай лесвіцы на верх шасціметровай вежы і ў абсерваторыі знаёміў мінчан з таямніцамі нябесных з’яў.

Палёт Юрыя Гагарына ў космас выклікаў небывалую цікавасць да нябеснай тэмы. Таму ў Савецкім Саюзе паўсюль пачалі адкрываць планетарыі. Будынак мінскага ўзвялі па тыповым праекце паўстагоддзя таму, але істотным адрозненнем ад братоў-блізнят з Расіі стала абсерваторыя. 29 ліпеня 1965 года мінчане стаялі ў чарзе, каб нарэшце зазірнуць у таемны Сусвет.

Сталічны планетарый не прызначаны для сур’ёзных навуковых даследаванняў, яго будавалі ў якасці адукацыйнага цэнтра. Таму штотыдзень, праўда, пры ўмове, што нябесныя свяцілы не захінаюць хмары, на вышцы збіраюцца астролагі і аматары астраноміі.

Палярнае ззянне над Вілейскім вадасховішчам, валожынскія абшары пад аркай Млечнага Шляху... Незлічоныя зоркі прывабліваюць Віктара Малышчыцца з маленства. Яго асабістыя адкрыцці адбыліся ў Мінскім планетарыі. Пасля рамантычнае захапленне ператварылася ў справу жыцця.

Як запальваюцца зоркі - можна ўбачыць і без тэлескопаў у зале планетарыя. Тут ніколі не ўключаюць святло – у цемры візуальныя эфекты ствараюць з дзясятак спецыяльных прыбораў накшталт праектараў.

Круглая зала з шарападобным белым купалам, вакол крэслы для сотні гледачоў, а ў цэнтры – на металічнай падстаўцы - апарат “Планетарый”. Ад яго і пайшла назва будынка, адкуль штодзень, незалежна ад узросту і стану здароўя, адпраўляюцца ў падарожжы па космасе.

Сёння ў планетарыі асвойваюць лічбавыя тэхналогіі, выкарыстоўваюць спецыяльныя мультымедыйныя праграмы. Акрамя акадэмічных лекцый, паказваюць сферычныя фільмы як для дарослых, так і для дзяцей. Або рамантычна толькі для дваіх ззяюць зоркі на небасхіле…