Жыхары Беразіно вырашылі стварыць краязнаўчы музей

21 ноября 2014

Дзеля гісторыі. Жыхары Беразіно вырашылі сумесна стварыць краязнаўчы музей, якога ў райцэнтры да гэтага часу няма. Зараз створана рабочая група. Яна займаецца зборам экспанатаў для будучага музея. Абавязкі гісторыкаў і археолагаў выконваюць настаўнікі, бібліятэкары і нават інжынеры-будаўнікі.


З жыхарамі Беразіно сустрэлася Антаніна Станкевіч.


Па прафесіі - інжынер будаўнік, а па прызванні - гісторык-аматар. Па службовых абавязках вымушаны аб'язджаць увесь раён. З кожнай такой экспедыцыі прывозіць нейкі экспанат - драўляныя прылады працы, дакументы, фотаздымкі.


Экспанаты часам знаходзяцца ў самых нечаканых месцах: на будпляцоўках ці ў пакінутых дамах. Некалькі разоў даводзілася даваць тлумачэнні супрацоўнікам міліцыі: уважлівыя бабулі і дзядулі паведамлялі праваахоўнікам пра мужчыну, які нешта шукае па вёсках. Але некаторыя людзі самі ахвотна перадаюць будучаму музею рэчы, якімі карысталіся іх бабулі і дзядулі.


Зараз удзельнікі рабочай групы па стварэнні музея збіраюць па раёне экспанаты і робяць іх навуковае апісанне. Пакуль што ў фондах будучага музея каля 500 рэчаў, але рэальна выставіць можна толькі трэць ад гэтай калекцыі - стан некаторых рарытэтаў усё ж такі не вельмі добры.


Рэальна музей можа з'явіцца праз два гады: за гэты час трэба падрыхтаваць памяшканні пад экспазіцыю і асноўныя фонды. І папоўніць калекцыю новымі экспанатамі. Але энтузіязму ва ўдзельнікаў ініцыятыўнай групы хапае, тым больш што Беразіно - адзіны горад у цэнтральным рэгіёне, дзе няма свайго краязнаўчага музея. Выправіць становішча гэтыя людзі лічаць сваім абавязкам.