Вільгаць у кватэры, цвіль у кутках, на вокнах лёд!

29 января 2014

Такую карціну жыхары дома па вуліцы Гарадзецкай назіраюць на працягу некалькіх гадоў. Дыялог з мясцовым ЖЭУ нагадвае стук у зачыненыя дзверы. У камунальным пытанні разбіралася Марына Мураўёва.




Цвіль у кутках - звычнае аздабленне ў гэтай кватэры. Сітуацыю не змяніў нават еўрарамонт. Вільгаць псуе не толькі мэблю і сцены, але і здароўе. Маленькі Дзіма за свае 10 месяцаў два разы ляжаў у бальніцы. Апошні з абструктыўным бранхітам.


Яшчэ адна кватэра - з суседняга пад'езда гэтага ж дома па вуліцы Гарадзецкай. Дзявяты паверх. Ёркшыр Разета сустракае гасцей выключна ў цёплым камбінезоне.


У кватэры яе гаспадароў 13 градусаў цяпла. Да нізкай тэмпературы дадаюцца і іншыя мінусы: вільгаць, цвіль на адкосах і лёд з унутранага боку вокнаў!


Саграваюць чатырохпакаёўку абагравальнікамі. Такое цяпло выходзіць сям'і Буйніцкіх ў буйныя лічбы ў жыроўцы. У суседзяў, дарэчы, тая ж бяда. Сведчанне таму - цвіль, што бачная з-пад шпалераў.


Адказы камунальнікаў нагадваюць падпіску на любімы часопіс. Дзясяткі аркушаў і… сотні пытанняў.


Зразумела, плюс 14 градусаў лепш, чым мінус 20. Але ж не ў кватэры. Змагацца з такім надвор'ем у доме маладым гаспадыням цяжка. Аднак дыялог з ЖЭСам з самага пачатку не ладзіцца. ЖЭС, як водзіцца, мае сваю пазіцыю. Адказнасць ускладаюць на жыхароў і цепласеткі. Маўляў, шклопакеты ў кватэрах няякасныя, затрымліваюць вільгаць - адсюль і цвіль. Аднак у некаторых кватэрах яна была яшчэ і да ўстаноўкі еўравокнаў. Што ж да цепласетак, то і да іх работы ў ЖЭСаў ёсць нараканні.


Скаргі жыхароў ЖЭУ разгледзіць у найбліжэйшы час. Гаспадароў кватэр чакаюць замеры тэмпературы, праверка вентыляцыі і, магчыма, уцяпленне знадворных панэляў.