У цэнтры ўвагі аздараўленне дзяцей з тэрыторый, забруджаных ад аварыі на ЧАЭС

9 июня 2013

Пад Слуцкам завяршыўся маштабны семінар. Там абмяркоўвалі праблемы і дзяліліся вопытам у рабоце з дзецьмі.


Якаў Бута даведаўся, як правядуць гэтае лета школьнікі. Санаторый Случ самы вялікі ў Слуцкім раёне. Вось праз гэтыя вароты летам пройдзе больш за 2 тысячы дзяцей. Прытым большая частка з іх - з тэрыторый, забруджаных ад аварыі на ЧАЭС. Галоўны эканаміст аднаго з санаторыяў пад Мінскам сёння як шпіён. Імкнецца не ўпусціць ні адной дэталі. І некаторыя ідэі калег ужо вырашыў запазычыць. Падзяліцца ідэямі і абмеркаваць пытанні аздараўлення гэтай катэгорыі дзяцей у санаторый пад Слуцкам з'ехаліся дзясяткі кіраўнікоў здраўніц з Мінскай вобласці. Асаблівасцяў тут шмат - ад ўзмоцненага харчавання да, вядома ж, сур'ёзнага лячэння. Аздараўленне чарнобыльцаў - асноўная тэма. У санаторыях працуюць кабінеты электра- і святлолячэння, лазератерапіі, цеплалячэння, інгаляцыі, спелеа- і ароматэрапіі. Лячэбная база за апошнія гады прыкметна мадэрнізавалася.


Сёлета на праграму дапамогі дзецям з чарнобыльскіх тэрыторый выдзелена 440 мільярдаў рублёў. За гэтыя грошы адпачыць і паправіць здароўе змогуць каля ста тысяч дзяцей з усёй краіны. Пры гэтым для іх пуцёўкі абсалютна бясплатныя.


У цэлым жа лагеры Мінскай вобласці гэтым летам прымуць 61 тысячу дзяцей. Гэта амаль кожны другі школьнік рэгіёну. Для іх працуюць больш за тысячу лагераў кругласутачнага і дзённага знаходжання. Першыя заезды пачаліся ў пачатку гэтага тыдня. Што тычыцца кошту, то сярэдняя пуцёўка ў параўнанні з мінулым годам падаражэла на 300 тысяч і сёння абыдзецца бацькам у 1200 тысяч рублёў. Гэта з улікам таго, што амаль мільён пакрываецца з бюджэту.