У мінскім заапарку больш за чатыры сотні відаў жывёл

9 августа 2014
Сёння заапарк - гэта чатырнаццаць гектараў жывой прыроды, а 30 гадоў таму на яго тэрыторыі была пустка. Дзякуючы супрацоўнікам Мінскага аўтазавода спачатку з'явіўся заасад. Першымі жыхарамі былі бусел і лебедзі. А цяпер - больш за чатыры сотні відаў жывёл: рыб, рэптылій, птушак і млекакормячых. Нядаўна ў Мінску прапісаўся і ўраджэнец Афрыкі - трубказуб.

Пра гісторыю заапарка і яго экзатычных жыхароў - сюжэт Аляксандры Драгун.

Стварыць такі музей жывой прыроды ў горадзе было запаветнай марай Ірыны Орліс. Разам з ініцыятарам будаўніцтва - ветэранам аўтазавода Фёдарам Рэўзіным - яна стаяла ля вытокаў сучаснага заапарка. Сёння гэта ганарова, а тады было складана. Падкорм для першых жыхароў заапарка прыносіла з дому.

Трыццаць гадоў таму першымі жыхарамі заапарка былі лебедзі і бусел Журка. Апошняга выратавалі людзі. Птушка трапіла ў мазут - пашкодзіла крылы. З таго часу бусел зімаваў у заасадзе.

Свой прытулак тут знайшлі не толькі птушкі і жывёлы, але і... дрэвы! Здавалася б, гэты дуб узмужнеў на тэрыторыі заапарка. Але старажылы распавядаюць, што волата сюды прывезлі. Яго знайшлі выкарчаваным на абочыне дарогі. У заапарку волату - другое жыццё.

Спачатку на месцы заапарка была пустка - фактычна адзін вальер. На агароджанай тэрыторыі разам гадавалі буйных жывёл. Так пасябравалі лось і вярблюд. Апошняга ў заапарк аддала дрэсіроўшчыца Тэрэза Дурава.

У сучасным заапарку захавалася старая частка. Некалькі вальераў, драўляных пабудоў і купал для птушак. Памяняліся толькі што жыхары. Дарэчы, ёсць і рарытэтныя прыступкі. Калісьці па іх спускаліся ў заапарк першыя наведвальнікі.

Нядаўна ў мінскім заапарку прапісаўся трубказуб. Жывёла мае афрыканскія карані, але падобная да хатняй свінні. У нас з задавальненнем есць сабачы корм. Хутка да яе падселяць суродзіча.

Сёння заапарк - гэта 14 гектараў жывой прыроды. У вальерах гадуюць жывёл з усяго свету: рэдкіх, драпежных і экзатычных. Увосень завершаць будаўніцтва экзатарыума.