У Мар'інай Горцы аднаўляюць старажытныя традыцыі ганчарства

13 апреля 2013

Сакрэты стварэння керамічных вырабаў разам з юнымі ўмельцамі Пухавіччыны спасцігала і Аксана Шыдлоўская


У Мар'інай Горцы юныя майстры аддаюць перавагу велікодным яйкам, зробленым уласнымі рукамі. І хоць у біткі з імі на Вялікдзень  не пагуляеш, бо гліна - матэрыял далікатны, на жаданне зрабіць сувенір прыгожым гэта ніяк не ўплывае.


Круціць ганчарнае кола - бадай, самы любімы занятак дзятвы. Таму ля яго заўсёды чарга. Працуюць юныя ўмельцы заўзята, бо ведаюць, што ад хуткасці рухаў і спрыту напрамую залежыць вытанчанасць формы керамічных вырабаў.


Усе мудрагелістыя сакрэты ганчарнай справы дзецям вось ужо 20 гадоў запар раскрывае майстар народнай творчасці - Асур Зарабавіч Тамразаў. Як чалавек у мінулым ваенны, ён шмат пакалясіў па свеце і ўрэшце спыніўся менавіта на Беларусі. Талерантнай, гасціннай і самабытнай. І ўсе свае пачуцці да яе выказвае праз  мастацтва.


Спасціганне ганчарнай навукі пачынаецца з прасцейшых форм і  тэхнік. Навічкі спачатку абавязкова асвойваюць пляценне жгуцікаў. Конікі-свістулькі, дудачкі, акарыны - усё, што майстар з дзецьмі лепіць - абавязкова апрабоўваюць на слых. А з гладышыкаў і  кубкаў частуюцца малаком.


Гімназісты  і выхаванцы Цэнтра творчасці  дзяцей і моладзі Світанак у Мар'інай Горцы становяцца пераможцамі  разнастайных абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў і выстаў.  А гэта лепшая ацэнка работы апантанага творцы-настаўніка і штуршок для дзяцей - яшчэ з большым імпэтам вывучаць і працягваць традыцыі продкаў.