У маі вадзіцеляў сталічнага транспарту пераапрануць

15 марта 2014

Цёмна-сінія камізэлькі, блакітныя кашулі і блузы. Ужо ў маі вадзіцеляў сталічнага транспарту пераапрануць. Спецыяльную форму да чэмпіянату свету па хакеі для вадзіцеляў аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў пачалі шыць на адным з вядучых беларускіх прадпрыемстваў па вытворчасці трыкатажу. Менавіта са швейнага цэха - Улада Карніцкая.


Ад ніткі да гатовага вырабу. На сучасным абсталяванні адной з вядучых фабрык па выпуску беларускага трыкатажу толькі за дзень вырабляецца тысяча джэмпераў, світараў і кофтаў. Працэс, без перабольшання, складаны - вільготна-цеплавая апрацоўка, мыццё змякчальнікам, кроенне і толькі потым шыццё. Самая апошняя стадыя, мабыць, самая важная - кантроль якасці гатовых вырабаў.


Таццяна Радзюк, галоўны інжынер швейнага прадпрыемства: Кантралёры правяраюць абсалютна ўсё, каб не было вытворчага смецця, каб было якаснае вязанне, таму што дзесьці магла праскочыць у работніцы няякасная дэталь. Кантралёр правярае ўсё.


І потым да новай камізэлькі ці джэмпера прышываюць ярлык, выраб пакуюць і адпраўляюць ў магазіны. Менавіта такім досыць складаным спосабам на гэтай фабрыцы ажыццявІлі выпуск першай партыі спецыяльнай формы для вадзіцеляў тралейбусаў, аўтобусаў і трамваяў. Такое параднае адзенне распрацавалі да чэмпіянату свету па хакеі.


Вось гэту форму, толькі кашуля будзе блакітнай, плануецца, што вадзіцелі надзенуць ужо ў красавіку. А далей будуць апранаць напярэдадні дзяржаўных свят.


Якому варыянту спецыяльнай формы для вадзіцеляў наземнага транспарту аддадуць перавагу - кашулі ці блузе, камізэльцы ці джэмперу - будзе залежаць ад надвор'я. Кожны камплект абавязкова будзе мець эмблему Мінсктранса. Тут пашыюць больш за 4 тысячы адзінак трыкатажных вырабаў. І, мабыць, самае галоўнае - якасць тут гарантуюць. Бо пашыў менавіта формы для фабрыкі ўжо звычайная справа.


Каб стварыць святочнае адзенне для вадзіцеляў, да паслуг стылістаў і дызайнераў не звярталіся. Лякала камізэлек стваралі канструктары на фабрыцы, дзе і шыюць цяпер уніформу. Але, як сцвярджаюць спецыялісты, на якасці вырабаў гэта не адбілася. Ужо ў маі 16 тысяч вадзіцеляў сталіцы змогуць гэта праверыць у прамым сэнсе на сабе.