У Бярэзінскім раёне прайшоў турзлёт педагогаў Мінскай вобласці

19 сентября 2014
Замест урокаў, школьнай дошкі і строгіх касцюмаў - палаткі, песні ля вогнішча і горна-пешы турызм. 20 каманд настаўнікаў з усіх раёнаў Цэнтральнага рэгіёна на тры дні сталі звычайнымі турыстамі.

Аляксандр Харавец убачыў педагогаў у нефармальнай абстаноўцы.

На ўроках Вольга Жывіцкая - строгі настаўнік біялогіі. Больш за 20 гадоў ад сваіх вучняў яна патрабуе дакладна ведаць, на якія класы падзяляюцца жывёлы, чым адрозніваецца інфузорыя-туфлік ад звычайнага абутку і чаму нельга ўжываць у ежу непамытую садавіну. Таму і да прыгатавання ежы для сваёй каманды яна падыходзіць так жа адказна.

Як і належыць настаўнікам, у іх лагеры ўсе бездакорна. Кожны набор посуду - у індывідуальным пакеце, абедзенны стол блішчыць ад чысціні, а каля вогнішча паўнацэнны пажарны шчыт.

Спаборнічаюць 20 каманд. Больш за 240 настаўнікаў з усіх раёнаў вобласці і ні хвіліны вольнага часу. У праграме злёту конкурсы газет, прэзентацыя каманд, музычныя батлы.
Пасля забаўных конкурсаў - спаборніцтвы на спрыт і сілу. Арыентаванне на мясцовасці, праходжанне турысцкага маршруту і пераадоленне паласы перашкод.

Самы небяспечны участак трасы - паралельныя поручні. Тут неабходна не толькі хутка пераправіцца на другі бераг каньёна, але і ўтрымаць раўнавагу.

Першае месца ў агульнакамандным заліку занялі педагогі Слуцкага раёна, другое - каманда з Дзяржынскага, на трэцюю ступеньку п'едэстала падняліся жодзінцы. А з панядзелка настаўнікі зноў возьмуць у рукі крэйду і каля школьнай дошкі прадоўжаць дзяліцца тэарэтычнымі ведамі, замацаванымі на практыцы.