Сёння ў Беларусі адзначаюць дзень Кузьмы

14 ноября 2013

Сёння ў Беларусі адзначаюць дзень Кузьмы, які лічыцца яшчэ і заступнікам кавалёў. Дарэчы, адна з самых паважаных і старажытных прафесій не знікла і да гэтай пары. З тымі, хто добра ведае цану прымаўкі куй жалеза, пакуль гарачае, пазнаёмілася Антаніна Станкевіч.



Узмах-другі молатам - і нават такі моцны матэрыял як метал становіцца пластычным і можа прыняць любую форму. У гэтым і сутнасць прафесіі каваля, тлумачыць Аляксандр, не проста лупіць інструментам, як кажуць, у белы свет. Зрабіць любую рэч трэба так, каб яна выглядала як сапраўдны твор мастацтва.


Творчасць, тэхнічнасць і толькі ў апошнюю чаргу фізічная сіла - вось што патрэбна для работы сучасным майстрам. Праўда, у старажытнасці кавалям дапамагалі малатабойцы. Паспрабаваць сябе ў гэтай ролі давялося і нашай здымачнай групе.


Звычайны цвік можна выкаваць літаральна за 10-15 хвілін. А вось больш складаныя вырабы - агароджы, лесвіцы могуць патрабаваць і месяца. Праца складаная і амаль ювелірная. Хоць інструменты для коўкі жалеза выглядаюць паважна.


Гэта таксама кузня. Праўда, тэмпература, вага, тэхналогіі, задачы і масштабы тут зусім іншыя. Адзіны ў краіне кавальскі завод, што ў Жодзіне, спецыялізуецца на дэталях, без якіх цяжка ўявіць сабе цэлую галіну машынабудавання ў краіне. А таму ў гэтых цэхах нярэдка гуляе народнае выслоўе - без нас не паедуць ні МАЗ, ні БелАЗ.


Цэхаў тут некалькі, але самая гарачая праца - тут, у кавальскім. Дарэчы, кажуць, што каваля можна лёгка пазнаць па рукапацісканні. І гледзячы на тое, як Мікалай, які працуе тут 25 гадоў, лёгка ўпраўляецца з 5-тонным молатам і 200-кілаграмовай нарыхтоўкай - разумееш, чаму.


Прафесія каваля не толькі запатрабаваная, але і вострадэфіцытная. А таму высокааплатная. Тут упэўненыя, тыя, хто куюць метал, як і некалькі стагоддзяў таму без кавалка хлеба не застануцца.