Сёння Дзень здароўя школьнікаў

19 сентября 2013
Кожны год 19 верасня прысвечаны найбольш важнаму аспекту здароўя дзяцей. Сёлета асаблівую увагу надаюць прафілактыцы зроку. Пытанне актуальнае. Таму, каб пазбегнуць акуляраў, у школах пачынаюць з малога - фізкультхвілін.

Расказвае Аляксандра Драгун: У сучасных вучняў - сучасныя фізкультхвіліны. У першакласнікаў такіх некалькі за ўрок. Адна - дынамічная ў вершаванай форме, іншая - гімнастыка для вачэй. Але на гэтым фізічныя практыкаванні не заканчваюцца.
Сёлета ў пачатковай школе ў расклад заняткаў дадали гадзіну здароўя і спорту. А старэйшыя вучні ахвотна паўтараюць размінку малодшых.

Простае дзіцячае практыкаванне мае сур'ёзнае значэнне. Дастаткова прафілактычнай хвіліны за ўрок, каб атрымаць зарад бадзёрасці і знізіць напружанне.

У 21-й сталічнай навучальнай установе ёсць і спецыялізаваныя класы са спартыўным ухілам. Два ў пачатковай школе і тры ў старэйшай. Таму спартыўная зала не пустуе. Тут выхоўваюць будучых баскетбалістаў, валейбалістаў, тэнісістаў і нават хакеістаў.

Узмоцнена рыхтуюць новую змену вялікіх спартсменаў. Стаць выдатным хакеістам пакуль для Вані - мара. У скарбонцы хлопчыка некалькі пераможных медалёў. Але, кажа, усё яшчэ наперадзе. Таму ўпарта ідзе да сваёй мэты: сочыць за гульнямі беларускіх хакеістаў і прывучае сябе да спартыўнага ладу жыцця.

Ёсць у школы і відавочныя дасягненні. Напрыклад, трэнажорная зала. Такі падарунак атрымала каманда дзяўчынак па баскетболе, калі на гарадскім спаборніцтве заняла прызавое месца. Навучальная ўстанова ганарыцца і іншымі выдатнымі спартсменамі.
Не толькі ў Дзень здароўя, але і кожны вучэбны ўсе школьнікі выходзяць на ранішнюю зарадку. Пакуль дазваляе надвор'е - на свежым паветры, загартоўваюць сябе да сапраўдных маразоў і сезона прастуд.