Салоны прыгажосці сталіцы вырашылі скарыстацца ведамі старажытных кітайцаў

28 апреля 2013

І адкрылі касметычны цэнтр, дзе галоўнымі спецыялістамі сталі рыбы.


Як будуюць бізнес на акварыумных касметолагах - пацікавілася Аліна Вольская.


Прадпрымальныя сталічныя бізнесмены злавілі сваю залатую рыбку. І сёння яны гатовы выканаць жаданне кожнага, хто хоча набыць прыгажосць за ўмераны кошт. Фіш-тэрапія – гэта малады і вельмі экзатычны спосаб пілінгу скуры, які за даволі кароткі час заваяваў папулярнасць у мінчан.


Сутнасць рыбатэрапіі заключаецца ў тым, што чалавек апускаецца ў басейн з цёплай вадой і рыбкамі Garra rufa . Пад уздзеяннем вады скура становіцца мяккай, і тут прыступае да справы рыбка-касметолаг. Рыбкі пачынаюць вельмі акуратна пашчыпваць скуру,  не выклікаючы ніякіх балючых адчуванняў.


Для кагосьці фіш-тэрапія - гэта экзотыка, а для кагосьці і выратаванне. Акрамя псарыязу Garra rufa  дапамагаюць у лячэнні іхтыёзу і вугрыстай хваробы. Ёсць, праўда, і абмежаванні: фіш-тэрапію нельга рабіць людзям, якія хварэюць на тромбафлебіт. Праўда, амерыканскія вучоныя і наогул лічаць, што рыбкі  Garra rufa  з'яўляюцца пераносчыкамі скурных захворванняў.
Ідэальным рашэннем можа стаць  індывідуальны акварыум з рыбкамі-касметолагамі. Кошт такой рыбкі параўнальна невялікі - каля 5  долараў за адну асобіну. Але для таго, каб арганізаваць працэдуру пілінгу,  неабходна ад 100 да 1000 рыбак, якія таксама патрабуюць спецыяльнага догляду.


Радзіма Garra rufa  - воды Тыгра, Еўфрата і турэцкія гарачыя крыніцы Кангальскай цясніны. У Японіі рыбак разводзяць штучна. Ёсць інфармацыя, што такія рыбкі-касметолагі ёсць і ва Украіне. У Мінску ж гэты бізнес пакуль не знайшоў свайго заснавальніка.