З малітвай у кожны дом

23 декабря 2013

Першая ў краіне царква на тэрыторыі сацыяльнага прытулку адкрылася сёння ў Чэрвені. Невялікі храм там збіралі, як кажуць, усёй грамадой і толькі па ўласным жаданні. Падмурак царквы быў асвячоны і благаслаўлёны тры гады таму. А сёння ў царкве першыя свечкі за здароўе запалілі і прыхаджане - жыхары дома-інтэрната. Больш падрабязна - Наталля Кезік.



Трапіць на службу ў гэту царкву сёння было немагчыма. Жыхары псіханеўралагічнага інтэрната адкрыцця царквы чакалі не адзін год. Малітва для іх, як глыток паветра, вельмі неабходная. Таму ў цеснаце ды не ў крыўдзе. Тым больш што дзверы царквы тут зачыняцца на ключ ніколі не будуць.


Падмурак царквы з'явіўся тут тры гады таму і быў благаслаўлёны. Невялікую каплічку сабралі з бярвенняў, іх для сябе дасталі пасля вялікай буры ў Чэрвеньскім раёне. Затым супрацоўнікі дома-інтэрната збіралі грошы самастойна. Галоўнае, што было вялікае жаданне пабудаваць менавіта на гэтай тэрыторыі хоць невялікую царкву.


У доме зараз пражываюць 300 чалавек. Летам усе занятыя на тэрыторыі вакол лячэбнай установы - дзясяткі кветнікаў і самаробныя ландшафтныя ўпрыгажэнні патрабуюць пастаяннага догляду. А каб не засумаваць зімой - для пацыентаў адкрылі шэсць майстэрняў. Тут можна вышываць, шыць, выразаць з дрэва і нават рыхтавацца да працы ў царкоўным хоры.


І жыццё гэтых людзей зараз распісана па раскладзе: снеданне, абед і вячэра. Паміж імі працэдуры і заняткі па інтарэсах. Цяпер у дадатак па раскладзе будуць і царкоўныя богаслужэнні як мінімум тры разы на тыдзень.