Рубрыка Праменад

20 сентября 2013

Балет пад дажджом, студэнцкі гарадок як арт-пляцоўка, партрэты буйным планам і фестываль сонечнага рэгі.


Культурны маршрут на гэты ўік-энд ва ўсіх падрабязнасцях ад Ніны Мажэйкі. Піцерскі балет пад дажджом. Тэатр мужчынскага танца Спакушэнне пакажа праграму ў сталічным Палацы спорту. Дыхаю табою - менавіта так называецца пастаноўка. Сучасная інтэрпрэтацыя любові да танца.


Шоу пачнецца ўжо праз гадзіну, але яшчэ можна паспець. І не забудзьцеся пра парасоны.


Учора студэнты, а сёння артысты. Яны прывыклі зубрыць канспекты ў апошнюю ноч, але для гэтага этапа патрабуецца не менш як год. Тэатральны куфар - 2013. У юбілейным форуме прымуць удзел універсітэцкія калектывы і вядомыя тэатральныя дзеячы з 18-ці краін свету. Ад камедыі да трагедыі, ад мовы латышскай да грузінскай. Арт-пляцоўка - студэнцкі гарадок.


Тэатр-студыя Люстэрка выступае па-за конкурсам, але ў рамках фестывалю. Зоркі політэхнічнага ўніверсітэта. Іх пастаноўка Сіратлівы Захад сучаснага ірландскага драматурга нароўні з усімі змагаецца за галоўны прыз - Гран-куфар, які прысуджаецца па выніках галасавання гледачоў.


Растаманскае паці ў цэнтры Мінска. Пяты міжнародны рэгі-фестываль збірае паслядоўнікаў Боба Марлі. На гэты раз лозунг тых, хто звычайна носіць чырвоныя майкі, - Рабі дабро і бяжы. Магчыма, арганізатары намякаюць на бязадраснасць добрых учынкаў.


Выказаць свой рэспект хлопцам і ўвайсці ў нірвану пад рытмы Ямайкі можна ўжо ў гэтую нядзелю ў адным са сталічных клубаў.


Працяг лета. 10 гадоў таму Парыж Афрыкі, а дакладна адзін са стратэгічных гарадоў Чорнага кантынента - Адыс-Абеба - стаў для хлопцаў з Гомеля ідэйным натхняльнікам. Бясконцыя гастролі па краіне і за межамі, некалькі пласцінак - і вось яны ўжо адзін з самых паспяховых рэгі-калектываў у Беларусі. Пяты раз гурт Адыс-Абеба выступае на міжнародным фестывалі з характэрнай музыкай.


Іх дэвіз - Свабода ва ўсім. Філасофія - у гармоніі. Матывы басаногай Афрыкі, цяпер зусім не экзатычныя для беларускіх шырот, - стыль жыцця. А піша пра ўсё гэта саліст Дзмітрый Іваноў.


Добры стартап для рэгі-каманд, а таксама дадатковая рэклама творчасці для сівых растаманаў у нядзелю.


Дэталёвую экспазіцыю з элеменатамі анатоміі селебрыціс дэманструе італьянскі жывапісец, скульптар і графік Гаспарэ Манос. Да 28 верасня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва можна будзе ўбачыць палотны з характарам геніяў ХХ стагоддзя. Вудзі Ален, Таранціна, Дэвід Боўі… Побач з артыстамі бізнесмены, філосафы і мастакі. Дарэчы, эпатажная французская мастачка Арлан, больш вядомая па бясконцых эксперыментах са знешнасцю, таксама на дошцы гонару.


Мастак упершыню сабраў выключна партрэты - свой асабісты погляд на герояў глянцу. Ураджэнец Бангкока, сын дыпламата, ён аб'ездзіў без перабольшання ўвесь зямны шар. Дасканала валодае тайскай, англійскай, французскай мовамі. У Мінску ўпершыню. Але гэта не перашкаджае тварыць у незнаёмых умовах.


Кубік Рубіка - заўсёднік галерэй. Самая папулярная цацка для дарослых канца 70-х узначальвае рэйтынгі папулярнасці сярод моладзі ХХІ стагоддзя. Чым не аб'ект поп-арту?


Музей сучаснага выяўленчага мастацтва арганізуе чэмпіянат для спідкубераў. Прасцей кажучы, для тых, хто збірае механічную галаваломку на хуткасць.


Апроч таго, музейшчыкі пакажуць публіцы мастацкі аб'ект, які складаецца з мноства кубікаў. Скульптура прастаіць падчас усіх тураў. Форум інтэлектуальнага спорту ў гэтую суботу і нядзелю.


Такім будзе ўік-энд. Паглядзіце на яго ў культурным ракурсе. Не адмаўляйце сабе ў здавальненні.